Уборка пад’ездаў, капрамонты і пакос травы — з такімі пытаннямі жыхары Гродна і вобласці звярталіся да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. Стрым паказалі 22 траўня — трансляцыю прысвяцілі Году добраўпарадкавання. Беларусы задалі больш за 150 пытанняў. Адказы на іх «Гродзенская праўда» публікуе да гэтага часу.

Што будзе з Новым Светам?

Ці захаваюць аўтэнтыку Новага Свету — раёна Гродна, дзе гістарычную драўляную забудову паступова зносяць.

Па словах Караева, «асаблівы статус тэрыторыі надаваць не плануецца». Але забудову квартала адкарэктавалі: адмянілі аўкцыёны са зносам будынкаў на вуліцы Міцкевіча 7 і 9.

Па тэме: Што не так з рамонтам «Дома з драконамі» на Міцкевіча, 7?

Што рабіць, калі дому патрэбен рамонт?

Жыхары дома па вуліцы Шчорса, 50а папрасілі Караева дапамагчы ў арганізацыі рамонту.

Каб правесці рамонт у пад’ездзе, жыхарам неабходна звярнуцца ў мясцовы ЖЭС. Трэба, каб палова жыхароў выказаліся за рамонт — тады ЖЭС складзе смету на правядзенне работ.

Таксама гараджане паскардзіліся, што ў пад’ездзе «вельмі рэдка прыбіраюць». Караеў агучыў графік уборак, замацаваны Міністэрствам ЖКГ:

  • Сухая ўборка дапаможных памяшканняў і кабін ліфтаў: 2 разы на тыдзень;
  • Сухая ўборка дапаможных памяшканняў (за выключэннем тэхнічных) 2 разы на тыдзень;
  • Вільготная ўборка: 1 раз у месяц;
  • Мыццё вокнаў: 1 раз у год.

Хто павінен касіць траву ў Гараднічанкі?

Гродзенцаў цікавіла тэрыторыя ў Старамалышчынскай, дзе размешчана поле.

За пакос адказны «Гродназелянбуд». «Гэта не грамадскае месца, а пустая тэрыторыя з забалочанымі месцамі. Пакос такіх тэрыторый выконваецца адзін раз за сезон», — адзначыў Караеў.

Ці павінны гродзенцы здаваць грошы на рамонт дзіцячых садоў?

Гродзенка пацікавілася ў Караева, ці можа дзіцячы садок збіраць грошы з бацькоў, каб зрабіць рамонт у групах.

Рамонты ва ўстановах дашкольнай адукацыі Гродна праводзяць за кошт гарадскога бюджэту, адзначыў чыноўнік. Тым не менш, установы могуць выкарыстоўваць узносы бацькоў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Гэтыя сродкі могуць ісці і на іншыя мэты, не забароненыя заканадаўствам.

Капрамонты, гаражы і дахі: што яшчэ хвалюе гродзенцаў?

На стрыме цікавіліся, калі зробяць капрамонт у доме № 5 на вуліцы Ваўковіча. Караеў сказаў, што ў пачатку 2025 года рамонт даху і цокаля быў выкананы.

Пыталіся гараджане і пра гаражы ў завулку Соламавай: ці можна іх узаконіць. Чыноўнік адказаў, што нельга — верагодна, гаражы знясуць.

Жыхар дома па вуліцы Сакольскай цікавіўся, ці можна перавесціся са старшынства на ЖЭС.

Калі сход жыхароў пазбавіць старшыню паўнамоцтваў або ліквідуе арганізацыю ўласнікаў, адміністрацыя раёна прызначыць УЖРЭП Кастрычніцкага раёна ўпаўнаважанай асобай.

Чытайце таксама: Караеў расказаў пра захоп «тэрарыста» ў Гродне і заклікаў глядзець, хто што фатаграфуе