Сцёкавыя воды з гноем з малочнатаварнай фермы трапілі ў раку Ятранка. Пра гэта 21 ліпеня паведамілі жыхары вёскі Ярошычы Навагрудскага раёна.

«Ну і дзе наша выдатная ахова прыроды? Калі калгас „Свіцязь“ — з кароўніка ўся гаўняшачка сцякае ў рэчку. Рэчка называецца Ятранка. І вось у тое возера: у возеры гаўня-я-шак — страшная справа», — выказваюцца мясцовыя жыхары ў TikTok.

У каментарах беларусы называюць месцы з падобнай сітуацыяй, скардзяцца, што прыродаахова хутчэй ганяе рыбакоў і браканьераў, і пагаджаюцца, што ролік у TikTok больш эфектыўны за звароты.

Сцёкі патрапілі ў раку, пагадзіліся ў Мінпрыроды пасля агляду. У Ятранцы зафіксавалі масавую гібель рыбы, піша tochka.by.

Спецыялісты ўзялі пробы вады і грунту для аналізу на забруджвальныя рэчывы. Пасля праверкі стане вядома, ці парушыла ферма закон.

Чытайце таксама: Сцёкі свінакомплексу патрапілі ў лес пад Гродна. На разгляд праблемы сышоў амаль год