Следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне ў дачыненні да ўдзельнікаў секты «Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя». Іх абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах. Кіраўнік беларускай ячэйкі пакінуў краіну — яго аб’явілі ў вышук.
Пяцярых кіраўнікоў рэлігійнага руху «Руская праваслаўная царква — Царская імперыя» абвінавацілі па трох артыкулах КК.
- ст. 361−1 ч. 1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем);
- ст. 193 ч.2 (арганізацыя і кіраўніцтва рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзян);
- ст. 130 ч. 3 (распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці).
Затрыманнямі ў розных рэгіёнах краіны займаўся ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы спецназа і АМАП. Кіраўнікоў затрымалі ў жніўні 2024 года. МУС прызнаў рух экстрэмісцкім фарміраваннем. Расследаванне скончылася ў ліпені 2025 — матэрыялы справы перадалі ў Генпракуратуру.
У Беларусі ў руху было 50 адэптаў, у іншых краінах — больш за 600
Рух «Царскай імперыі» ёсць у Расіі, Украіне і Малдове. У Беларусі адэпты працавалі ў Гродзенскай і Віцебскай абласцях — «абрады» праводзілі ў закінутых дамах у глухіх вёсках.
Удзельнікі прапаведавалі стварэнне незалежнай дзяржавы «Трыадзіная Русь». Па версіі СК, яны заваблівалі паслядоўнікаў у глуш, у напаўразбураныя хаты закінутых вёсак, дзе людзі зракаліся дакументаў, сацыяльных выгод і меддапамогі, абрывалі сувязі з навакольным светам. З траўня 2023 года ўдзельнікі руху стваралі ў інтэрнэце старонкі, каб прыцягваць новых адэптаў. Членаў секты заклікалі прысягаць імператару і адмаўляць дзейны дзяржаўны лад і законы.
Па дадзеных СК, у Беларусі рэлігійным рухам кіраваў «мітрапаліт». Ён даваў указанні на падрыхтоўку агітацыйных матэрыялаў і напісанні «малітваў». «Мітрапаліт» пакінуў Беларусь і аб’яўлены ў вышук.
У «Рускай праваслаўнай царквы — Царскай імперыі» было 50 беларускіх адэптаў. Астатнія 650 удзельнікаў - пераважна расіяне і ўкраінцы.
Чытайце таксама: У Беларусі затрымалі адэптаў руху «Царская імперыя» з Расіі. Але гродзенскі протаіерэй усё роўна абвінаваціў Украіну