У цэнтры Ліды зносяць драўляны дом, пабудаваны ў 1920-х гадах. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што на ягоным месцы з’явіцца «Кошкін дом» — прытулак для бяздомных жывёл.

Драўляны дом знаходзіцца ў дварах паміж Гагарына і Ленінскай — гэта цэнтральныя вуліцы горада. Лідчанін Віталь Міткоўскі апублікаваў відэа, у якім запрасіў мясцовых жыхароў развітацца «з адным з самых старых дамоў горада». Будынак зносяць.

Некаторых лідчан навіна ўзрадавала. Гараджане таксама адзначылі, што ў будынку начавалі бяздомныя.

«Хлам. Даўно пара знесці», — лічыць янка.

«Прытон усіх вяршкоў грамадства на Ленінскай», — піша inna.

«Як цудоўна, што яго знясуць. А то ведаеце, краявід з майго акна не вельмі з-за гэтага дома», — дзеліцца Оксана.

У цэнтры Ліды зносяць адзін са старэйшых драўляных дамоў. Верагодна, на яго месцы з'явіцца прытулак для катоў
Дом у Лідзе, які знясуць. Скрыншот Hrodna.life TikTok-відэа @vitalij_mitkovskij

Іншыя лідчане, наадварот, не рады зносу — лічаць, што дом можна было аднавіць. Гараджане дадаюць, што будынак стаў прытулкам для бяздомных катоў.

«Гэта (знос — Hrodna.life) вельмі дрэнна, там жыве шмат розных коцікаў, там іх кормяць і ёсць скрынкі тыпу хаткі», — адзначае Латте или капучино?.

Па словах аўтара відэа, на месцы знесенага будынка пабудуюць «Кошкін дом». Пакуль у Лідзе няма зарэгістраваных прытулкаў для бяздомных жывёл. У горадзе дзейнічае валанцёрская арганізацыя «ЗооЛида», якая існуе за кошт данатаў.

Ліду, у якім няма ніводнага прытулку, хацелі ператварыць у горад катоў

Ператварыць Ліду ў горад катоў мясцовыя ўлады хацелі яшчэ ў жніўні 2024. Планавалася, што гарадская прастора стане больш бяспечнай для жывёл, з’явіцца і дадатковая інфраструктура. Кіраўнік мясцовай ветэрынарнай клінікі «Цэнтр выратавання жывёл» Павел Жульпа лічыў, што ініцыятыва дапаможа развіць турыстычны патэнцыял Ліды.

За аснову ўзялі прыклад Зеленаградска — курортнага горада ў Калінінградскай вобласці. Усё пачалося з 13 катоў, для якіх пабудавалі асобныя домікі. Праз два гады пачаліся праблемы: катоў у Зеленаградск звазілі з усёй вобласці, горад не спраўляўся з наплывам.

Жывёл стала занадта шмат — у каціныя домікі падкідвалі маленькіх і хворых кацянят. Ветэрынарнай дапамогі не было, а корм для дарослых катоў не падыходзіў маленькім. Узрасла смяротнасць — з домікаў кожны дзень выносілі мёртвых жывёл.

Чытайце таксама: У Лідзе плануюць стварыць «горад катоў» па расійскім узоры. Паглядзелі, ці сапраўды там усё так добра