Джош Фінкель нарадзіўся і жыве ў Масачусэтсе. Дзед Джоша перадаў унуку дакументы і фатаграфіі продкаў, якія жылі ў Гродне. Цяпер Джош хоча аднавіць ланцужок, па якім ягоныя продкі з Усходняй Еўропы апынуліся ў Амерыцы.
Дакументы, якія Джош атрымаў ад дзеда, на нямецкай мове — перавесці іх самастойна ў амерыканца не атрымліваецца. Таму на сваёй Facebook-старонцы Джош звяртаецца да тых, хто гатовы яму дапамагчы. Верагодна, Джош атрымаў адсканаваныя копіі праязных дакументаў сваякоў або дакументаў, якія сведчаць асобу.
Пазней бабуля Джоша знайшла фатаграфіі сваіх продкаў, якія ў 1900-я гады жылі ў Індуры каля Гродна. Сям’я ўстанавіла і прозвішча сваякоў - Шустэр.
На здымках маладыя людзі пазіруюць на фоне габрэйскіх надмагілляў. Ёсць і подпіс: «З. Карасік».



«Цікава, хто ведае, што значыць гэты подпіс? Можа, гэта могілкі ці назва фірмы, якая зрабіла фота? Было б выдатна знайсці могілкі, дзе пахаваны мае продкі, але я не ўпэўнены, што гэта магчыма», — падзяліўся Джош.
Пасты Джоша патрапілі ў Facebook-групу «Гродна». Па подпісу на фатаграфіі гараджане пазналі, што за фатограф рабіў здымкі. «Карасік у Гродне быў вядомым фатографам. Указаны і адрас яго фотастудыі — вуліца Тэльмана, 3», — напісала гродзенка Наталля Дораш.
Сяргей Фрыдланд выказаў здагадку, што здымкі былі зроблены на Новых габрэйскіх могілках. З пачатку XVII стагоддзя там пахавалі больш за 14 тыс. чалавек. У 60-х савецкія ўлады знеслі могілкі і знішчылі пахаванні. Пазней там з’явіўся стадыён «Чырвонае знамя». Яго цяперашняя назва — ЦСК «Нёман».
Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла здымкі і мяркуе, што фота продкаў Джоша былі зроблены менавіта на Новых габрэйскіх могілках. Але ёсць верагоднасць, што гродзенцы сфатаграфаваліся на занёманскіх габрэйскіх могілках. Гэта адзінае з трох масавых пахаванняў у Гродне, якое захавалася па сённяшні дзень.
Публікацыі Джоша патрапілі і ў іншыя тэматычныя групы. Напрыклад, яны ёсць у «Габрэйскім генеалагічным партале». Каментатары адзначылі, што большасць габрэйскіх пахаванняў у Гродне былі знішчаны, а таксама падзяліліся з Джошам спасылкамі на генеалагічныя сайты.
Джош не адрэагаваў на парады.
Чытайце таксама: Гродзенец знайшоў сваякоў праз запіску, пакінутую на магіле прадзеда