Гродзенка пайшла па прадукты на Грандзіцкі рынак і заплаціла 40 рублёў за 3 кг памідораў, 2 кг бульбы. У TikTok яна прызналася, што не была гатовая да такіх выдаткаў. Рэдакцыя Hrodna.life параўнала цэны на рынках Гродна і Беластока — вось што атрымалася.

Як вам лета на смак?

«Вы мне скажыце, за 3 кг памідораў і 2 кг бульбы маладой аддаць 40 рублёў - гэта норм ці стром? Я ачмурэла, калі шчыра. Пры гэтым у „Еўраопце“ нерэальна купіць добрыя смачныя памідоры, нават у ліпені, там абы што, а хочацца пакаштаваць лета на смак хоць трошкі», — расказала жыхарка Гродна ў сваім відэа. Да таго, што прыйдзецца аддаць 30 рублёў за 3 кг памідораў, яна «не была гатовая маральна».

Колькі каштуе гародніна на рынку ў Гродне

Вось якія цэны (за кілаграм) можна знайсці на Грандзіцкім рынку ў ліпені 2025:

  • памідоры — 9 рублёў 80 капеек,
  • бульба — 4 рублі,
  • морква і цыбуля — 5 рублёў,
  • буякі і клубніцы — 20 рублёў.

Пры гэтым месяц таму клубніцы ў гэтым месцы каштавалі 13 рублёў. Цяпер жа гэтая ягада ўжо адыходзіць, але даражэе.

Іншыя пакупнікі, з якімі пагутарыў Hrodna.life, адзначаюць праблему з гароднінай у крамах. Яна можа каштаваць танней, чым на рынку, але якасць і смак будуць значна горш. Але можа здарыцца і так, што цэны будуць вышэй за рынкавыя, а якасць не палепшыцца.

«Пару дзён таму знайшла ў адной з крам Ваўкавыска маладую бульбу па тры рублі. Так яна як гарох, раней мы такой свіней кармілі. А ў памідора смак дрэва», — кажа пакупніца.

Чытайце таксама: У Беларусі не першы раз знікае бульба — чаму яе ўсе абмяркоўваюць?

Іншы суразмоўца тлумачыць: «Буйным сеткам цяжка купіць якасны тавар. Раней везлі з Польшчы, цяпер зрабіць гэта нашмат цяжэй. Яшчэ надвор’е не вельмі: то холадна і ўсё мерзне, то ўсё залівае, вось усё дрэнна расце, вось і кошты такія», — дзеліцца з намі мужчына.

За адну зарплату — 20 сціплых паходаў на рынак

Сярэдняя налічаная зарплата па Гродзенскай вобласці за травень 2025 года — 2356 рублёў. За вылікам выплат і падаткаў на рукі ў сярэднім атрымліваюць 2026 рублёў.

Але на многіх месцах людзі зарабляюць менш. Напрыклад, прыбіральшчыкам плацяць у асноўным ад 700 да 1500 рублёў. Нізкія стаўкі сустракаюцца ў Гродне нават для такіх запатрабаваных спецыяльнасцяў, як кіроўцы: ёсць прадпрыемствы, дзе ім плацяць ад 725 да 1200 рублёў. Сярэдняя зарплата паштовага работніка — 600−800 рублёў. Для выкладчыкаў і педагогаў абсалютны максімум — 1500 рублёў.

Такім чынам, купля на Грандзіцкім рынку ў Гродне трускаўкі, дурніц, бульбы, цыбулі, морквы, памідораў (усе па кілаграму) абыйдзецца прыкладна ў 64 рублі. Калі вы атрымліваеце на рукі 1200 рублёў, то адзін сціплы паход на рынак — гэта больш за 5% ад вашай зарплаты.

А як у Беластоку?

Карэспандэнт Hrodna.life з’ездзіў на сельскагаспадарчы рынак на вуліцы Андэрса ў Беластоку, каб даведацца, у колькі тут абыдзецца такі жа набор тавараў.

Сярэдняя афіцыйная зарплата ў Беластоку 9036 злотых (8122 рублі), але большасць людзей зарабляе на рукі каля 5000 (4485 рублёў) — 6000 злотых (5382 рублі).

Памідоры на Андэрса можна купіць за 5−10 злотых (4.5 — 9 руб.) за кілаграм. Але пры жаданні можна ўзяць таматы нават за 30 злотых (27 рублёў) за кілаграм. Самыя танныя памідоры выходзяць у два разы танней, чым у Беларусі.

Самая танная бульба, якую нам удалося знайсці на рынку ў Беластоку, каштавала 1.80 злотага (ці 1.60 руб.), а самая дарагая — 2.6 злотага (2.33 руб.), але мы бяром за 1.99 злотага (1.52 руб.) — яна ідэальна падыходзіць на дранікі.

А вось буякі ў Польшчы даражэй, чым у Беларусі — 24 — 30 злотых (21.50 — 27 рублёў). Затое танней клубніцы, якія тут таксама ўжо сыходзяць — 12.50 — 15 злотых (9.5 — 11.5. руб.). Морква і цыбуля прыкладна ў адну цану — 2.70−2.90 рублёў па курсе.

Такім чынам, такі ж набор абыдзецца ў 57.60 злотых ці каля 51.67 руб., то бок дзесьці ў 1% ад сярэдняй беластоцкай зарплаты. Атрымліваецца, у Беластоку сярэднестатыстычны пакупнік можа дазволіць сабе купіць на рынку ў пяць разоў больш гародніны.