У Гродне жыхары аднаго з дамоў на вуліцы Фолюш незадаволеныя ходам капітальнага рамонту. Замест абнаўлення яны сутыкнуліся з шэрагам праблем і скардзяцца на падрадчыка. У праблеме разбіралася «Тэлерадыёкампанія Гродна».
Двухпавярховы будынак па адрасе Фолюш, 15/34 пабудавалі ў 1953 годзе. З тых часоў капітальны рамонт у доме не праводзіўся. У 2025 годзе стартавалі работы па абнаўленню. Згодна з праектам, падрадчыкі павінны замяніць дах, уладкаваць адмостку, абнавіць фасад, ганкі і часткова балконы, а таксама правесці замену інжынерных сетак ўнутры дома. Аднак мясцовыя жыхары засталіся незадаволеныя якасцю і арганізацыяй работ.
Галоўная прэтэнзія тычыцца даху: старое пакрыццё знялі, а новае так і не завезлі. Па словах жыхароў, неабходны матэрыял да гэтага часу знаходзіцца ў Расіі.
— Разумею, што пачынаюць з даху ўніз. Ёсць матэрыял, якім накрываць замест шыферу, але ў іх да гэтага часу яго няма. І вось больш за месяц, з 27 траўня, яны пачалі дэмантаваць дах. І нічога не накрыта, — кажуць мясцовыя жыхары і адзначаюць, што будаўнікі з’яўляюцца на аб’екце не штодня.

Мокрыя дошкі і зламаныя клумбы
Таксама жыхары скардзяцца, што работнікі скідаюць старое пакрыццё пад вокны на кветнікі і газоны, хоць людзі прасілі рабіць усё больш акуратна.
—Я прасіла, хлопцы, калі ласка, падышла. Мне сказалі: кватэра ваша, а наша зямля. Я кажу, ну будзьце акуратней, калі ласка. Пабілі мне увесь кветнік. Я колькі аднаўляла гэта ўсё, — распавядае мясцовая жыхарка.
Ёсць і нараканні на ўмовы захоўвання будаўнічых матэрыялаў. Мясцовыя адзначаюць, што драўляныя дошкі ляжаць прама пад дажджом, іх нічым не накрываюць. Людзі баяцца, што пасля намакання іх ніхто не будзе сушыць і ў такім выглядзе будуць выкарыстоўваць для ўкладкі на дах.
— Я сама скончыла будаўнічае вучылішча. Ведаю, што мокрыя дошкі з часам павядзе, і гэта паўплывае на даўгавечнасць даху, — дзеліцца сваім меркаваннем мясцовая жыхарка.
Гродзенцы кажуць, што суседні дом рамантуюць зусім па-іншаму: больш акуратна, будматэрыялы ніхто не раскідвае і дах там не здымалі, а будаўнікі пачалі з іншых работ.

ЖКГ: усё па графіку, матэрыялы ўжо ў шляху
У Гродзенскай гарадской ЖКГ, якая з’яўляецца заказчыкам капрамонту кажуць, што ўсё ідзе па плане, здача аб’екта прызначаная на верасень, а матэрыял для даху чакаецца ў бліжэйшы час.
— Будзе часткова заменена кроквенная сістэма, само лачанне. Плёнка, [якая ўжо ўстаноўлена] абараняе дах менавіта ад працякання пры якіх-небудзь атмасферных ападках. Сёння чакаецца пастаўка самага металу, чым накрыць, — распавёў намеснік генеральнага дырэктара па капітальным рамонце і эксплуатацыі жыллёвага фонду Гродзенскага гарадскога ЖКГ Віталь Герасімік 13 ліпеня.
У 2024 годзе ў абласным цэнтры капітальна адрамантуюць 66 жылых дамоў — на 11 больш, чым у мінулым. 26 з іх агульнай плошчай 96 тысяч метраў квадратных ўжо здалі.
Капітальныя рамонты ўключаюць у сябе рамонт:
- даху,
- цокаля,
- ўваходных груп,
- адмосткі,
- фасадаў,
- гаўбцоў,
- цокальных сцен,
- інжынерных сетак,
- замену вокнаў і дзвярэй,
- і іншае.