Гродзенка Наталля распавяла ў Instagram гісторыю рудой кошкі, якая згубілася. Гаспадыня спрабавала знайсці гадаванца, але дзейнічала няправільна — і кантакту паміж ёю і тымі, хто знайшоў жывёлу не адбывалася. Гісторыя скончылася шчасліва — котка ўз'ядналася са сваёй гаспадыняй. Пасля гэтага дзяўчына вырашыла напісаць зразумелую інструкцыю, як правільна шукаць сваіх гадаванцаў.

«За два тыдні я была з двух бакоў: таго, хто страціў і хто знайшоў», — напісала дзяўчына.

Калі кот уцёк

— На вокнах абавязкова павінны быць рашоткі або сеткі, асабліва на першых паверхах.

— Калі ж кот уцёк, то перш за ўсё трэба стаць спінай да акна і абыйсці тэрыторыю ў радыусе 15−20 метраў ад дома.

— Далей неабходна раскінуць фатаграфіі свайго гадаванца па розных групах, чатам і паблікам, папрасіць сяброў рабіць рэпосты. Калі жывёла адразу не знаходзіцца, свае пасты трэба паўтараць з перыядычнасцю ў два дні.

— Трэба адразу раздрукаваць аб’явы і расклеіць на пад’ездах побач з домам, на прыпынках і ў крамах.

— Нядрэнна будзе паглядзець камеры, якія знаходзяцца на пад’ездах дамоў і крамаў.

«Па іх можна зразумець: куды стартанул ваш сябар і прасачыць яго шлях. Для гэтага прыйдзецца пісаць заяву ў міліцыю. Магчыма, вам трапяцца эмпаты і паглядзяць камеры без заявы. Нам не трапіліся», — распавяла дзяўчына.

— Таксама трэба даведацца ў суседзяў — жыхароў дамоў побач, ці ёсць у іх мясцовыя жыхары, якія падкормліваюць бяздомных жывёл. Трэба паказаць ім фатаграфію свайго гадаванца.

— Шукаць ката, які ўцёк, лепш бліжэй да вечара ці ўначы. Жывёла ў стрэсе, і на шум з хованкі не выйдзе. А ноччу — ціха. Трэба таксама аглядаць падвалы дамоў.

«Памятаеце: кот далёка не ўцякае. Але і сядзець пад акном у надзеі, што вы яго забераце, не будзе. У нашых двух выпадках: з акна і па прамой метраў 15−20. І схаваецца. Адпачне, прагаладаецца і ў цемры пойдзе шукаць ежу», — дзеліцца досведам дзяўчына.

Калі вы знайшлі ката

— Калі вы знайшлі ката, трэба забраць яго на ператрымку.

— Пачніце дзяліцца інфармацыяй аб знойдзенай жывёліне ў гарадскіх і мясцовых групах, расклейваць аб’явы, апытваць суседзяў.

«На вуліцы ім складана, страшна… І акрамя вас у іх няма ніякай надзеі. Не ў кожным доме павінен быць кот. Але ў кожнага катка павінен быць дом. Вось гэта ісціна», — заключае дзяўчына.