Памёр гродзенскі мастак-кераміст Яўген Адзіночанка. Яму было 64 гады. Пра смерць мастака паведаміла яго дачка ў Facebook.
«З вялiкiм смуткам мушу падзялiцца ашаламляючай навiной, што некалькi гадзiн таму не стала майго бацькi Яўгена Адзiночанка. Хай цябе калыхаюць анелы», — напісала дачка мастака Ганна Мядзведзева.
Яўген Адзіночанка нарадзіўся 3 лістапада 1960 года ў Данецкай вобласці, жыў і працаваў у Гродне. У 1988 годзе скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў (аддзяленне шкла і керамікі). З 1996 года — член Саюза мастакоў Беларусі, а з 1999 года — сябра міжнароднага аб’яднання мастакоў-керамістаў «KERAMOS» ў Варшаве. Лаўрэат мноства прэмій. У 2007 годзе стаў лаўрэатам прэміі за прасоўванне керамікі ў горадзе Каруж (Швейцарыя).
У 2005 годзе быў прызнаны мастаком года і атрымаў прэмію імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За выдатныя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». Двойчы станавіўся лаўрэатам Міжнароднага біенале керамікі ў Паўднёвай Карэі: у 2003 годзе атрымаў бронзавую ўзнагароду, а ў 2005 — стаў пераможцам у намінацыі «Выбар журы».
Удзельнік розных выстаў, пленэраў і біенале — як у Беларусі, так і за мяжой.
Яго працы знаходзяцца ў Ceramics Park Mino (Японія), Icheon World Ceramic Center (Рэспубліка Карэя), а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і прыватных калекцыях у ЗША, Японіі, Паўднёвай Карэі, Германіі, Францыі, Польшчы, Расіі, Харватыі, Беларусі і Літве.
Яўген Адзіночанка быў кіраўніком студыі керамікі «ТерраКота» ў Цэнтры рамёстваў «Спадчына».