У Гродне пачаўся масавы судовы працэс па абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Па інфармацыі праваабаронцаў, на лаве падсудных — не менш за пяць чалавек. Іх абвінавачваюць па артыкуле 361-4 КК – садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Санкцыі – ад абмежавання волі да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў, з магчымым штрафам. Пры паўторным парушэнні або здзяйсненні дзеянні групай асоб пакарання павялічваюцца.

Інфармацыі, якая тычыцца дадзенага працэсу – трохі. Папярэдне вядома, што справа звязана не са «справай Гаюна», а з «дваровымі чатамі».

Праваабаронцы нагадваюць, што мінулай восенню па ўсёй краіне прайшла хваля затрыманняў у рамках расследавання «дваровых чатаў». КДБ прызнаў экстрэмісцкімі некалькі папулярных чатаў, такіх як «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».