Лідская бальніца запусціла ў Telegram чат-бот для пацыентаў, дзе можна запісацца на прыём, выклікаць лекара на дом, а таксама праглядзець свае талоны і гісторыю наведванняў спецыялістаў. Праўда, каб скарыстацца ботам, неабходна прайсці рэгістрацыю.

Як адзначаецца ў акаўнце ўстановы аховы здароўя, бот створаны для зручнасці пацыентаў. Праз яго можна праглядаць свае талоны, прачытаць рэкамендацыі ад лекараў, праверыць накіраванне ад спецыялістаў, а таксама прывязаць родных і блізкіх да свайго ўліковага запісу. Функцыянал абяцаюць пастаянна пашыраць.

Для таго, каб скарыстацца чат-ботам, трэба прайсці рэгістрацыю, увесці ў дыялогавае вакно сваё прозвішча, а таксама 16 лічбаў з карткі медыцынскага абслугоўвання ў такім фармаце: «Прозвішча» (прабел) «Карта адзінага абслугоўвання» (16 лічбаў).

Калі ж у пацыента не атрымліваецца зарэгістравацца, то трэба падысці з пашпартам у рэгістратуру, каб актуалізаваць дадзеныя.

Лідская цэнтральная раённая бальніца — адна з трох у Гродзенскай вобласці, якая працуе як міжраённы цэнтр. У бальніцы ёсць стацыянар на 1007 ложкаў і паліклініка, якая абслугоўвае каля 45 тысяч чалавек — трошкі больш за траціну насельніцтва Лідскага раёна.