Урад унёс у Палату прадстаўнікоў законапраект «Аб змене кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». Згодна з праектам, штраф па КаАП можна будзе атрымаць за прапаганду гомасэксуальных адносін і бяздзетнасці. Таксама прапануюць увесці штрафы для дырэктараў, за жорсткае абыходжанне з жывёламі і забараніць увозіць і вывозіць тавары.
Штрафы за прапаганду чайлдфры і гомасэксуальнасці: ад 840 руб. да 6,3 тыс. руб.
Кодэкс прапануюць дапоўніць арт. 19.16 «Прапаганда гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі».
Распаўсюджванне ў любой форме інфармацыі ў мэтах фарміравання ў грамадзян уяўленняў аб прывабнасці гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці або аб прызнанні педафіліі дапушчальнай — штраф у памеры да 20 базавых велічыняў, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 100 да 150 базавых велічынь.
Дзеянне, прадугледжанае часткай 1 гэтага артыкула, якое прывяло да азнаямлення непаўналетняга з такой інфармацыяй, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 30 базавых велічынь, грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.
Падобны закон прынялі ў Расіі ў 2013 годзе. У 2022 годзе яго пашырылі. Цяпер там забараняюцца фільмы, кнігі, музыка, дзе ЛГБТ-персанажы адлюстроўваюцца станоўча ці нават нейтральна. Заблакіравалі сайты ЛГБТ-арганізацый. Многія ЛГБТ-людзі і актывісты пакінулі Расію з-за страху пераследу і страты правоў.
Штрафы для дырэктараў: ад 84 руб. да 12,6 тыс. руб.
Прапанаваны законапраект апублікавалі на Pravo.by, звяртае ўвагу Reform.by. Урад прапануе дапоўніць новымі часткамі арт. 10.12 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб працы». Кіраўнікоў юрыдычных асоб і ІП могуць аштрафаваць за занадта высокую зарплату і допуск работнікаў да выканання абавязкаў без заключэння працоўнай дамовы.
Пры гэтым не будзе лічыцца адміністрацыйным парушэннем фактычнае дапушчэнне супрацоўніка да работы без заключэння ў пісьмовай форме працоўнага дагавора на працягу першых трох дзён выканання работ.
Паўторнае парушэнне на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання будзе карацца штрафамі ад 150 да 300 базавых велічынь. Таксама прадугледжаны штрафы ад 2 да 20 базавых велічынь за іншыя парушэнні парадку прыёму на працу і парушэнні заканадаўства аб працы, якія прычынілі шкоду работніку.
Штрафы за токены: ад 420 да 840 руб.
Кодэкс прапануюць дапоўніць арт. 12.36 «Парушэнне парадку ажыццяўлення здзелак (аперацый) з лічбавымі знакамі (токенамі)». Прадугледжваюцца штрафы ад 10 да 20 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета парушэння або без за «здзяйсненне забароненых заканадаўчымі актамі здзелак (аперацый) з лічбавымі знакамі (токенамі), калі ў гэтай дзеі няма складу іншага адміністрацыйнага правапарушэння».
Штрафы за ўвоз і вываз тавараў: ад 210 да 840 руб.
Урад прапануе ўнесці ў КаАП арт. 13.36 «Парушэнне забарон вывазу або ўвозу тавараў пры ажыццяўленні знешнегандлёвай дзейнасці». Штрафы па ім складуць ад 5 да 20 базавых велічынь, а для ІП і юрыдычных асоб — да 20% увезеных або вывезеных тавараў.
Штрафы за жорсткае абыходжанне з жывёламі: ад 42 руб. да 1,5 тыс. руб
КаАП могуць дапоўніць артыкуламі, звязанымі з абыходжаннем жывёламі:
- арт.19.14 «Жорсткае абыходжанне з жывёлай»;
- арт.19.15 «Парушэнне парадку ўтрымання ў хатніх умовах жывёл-кампаньёнаў».
Санкцыі паводле арт. 19.14 прадугледжваюць штрафы да 30 базавых велічыняў, грамадскія працы ці адміністрацыйны арышт. Па арт. 19.15 можна будзе атрымаць штраф у 1−15 базавых велічынь за парушэнне парадку ўтрымання жывёл, а калі гэта звязана з прычыненнем шкоды здароўю людзей або маёмасці, то сума вырасце да 10−30 базавых велічынь, а таксама можна атрымаць грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.