В Гродне (і вобласці) назіраецца недахоп кіроўцаў. У абласным цэнтры адкрыта 121 вакансія — гэта 243 працоўныя месцы. Агулам у вобласці не хапае больш за тысячу кіроўцаў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела на сайце Дзяржаўнай службы занятасці, якія цяпер патрабаванні да кіроўцаў (ёсць і дзіўныя), а таксама якія заробкі ім прапануюць.
На Гродзеншчыне шукаюць вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў, вадзіцеляў аўтобусаў, а таксама ёсць шмат вакансій для вадзіцеляў-міжнароднікаў і вадзіцеляў грузавікоў на гарадскія і ўнутрырэспубліканскія рэйсы.
Усяго на партале службы занятасці цяпер размешчана каля 6 тысяч вакансій на 10 448 працоўных месцаў па ўсёй Беларусі. У Гродзенскай вобласці цяпер адкрыта 637 вакансій вадзіцеляў на 1090 працоўных месцаў. Розніца ў лічбах тлумачыцца тым, што адна вакансія можа ўключаць адразу некалькі пазіцый — напрыклад, калі прадпрыемства шукае 10 чалавек, гэта лічыцца адной вакансіяй, але дзесяццю працоўнымі месцамі.

Вадзіцеляў грузавікоў прыцягваюць інтэрнатамі, але просяць без «дыскрэдытуючых падстаў»
Максімальныя заробкі, вядома, прапануюць вадзіцелям грузавікоў.
Напрыклад, філіял «ГАП-1 г. Гродна» ААТ «Гроднааблаўтатранс» шукае чатырох вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў. Заробак — 5 тысяч рублёў. Прадастаўляюць пакой у інтэрнаце. Ад кандыдата патрабуецца агульная сярэдняя адукацыя і досвед працы на аналагічнай пасадзе не менш за два гады.
ТАА «Белсансіст» таксама запрашае на працу вадзіцеля грузавіка. Заробак ад 3000 рублёў. Аднак патрабаванняў да кандыдата тут больш. Неабходна прафесійна-тэхнічная адукацыя, досвед працы ад аднаго года, вольнае валоданне рускай мовай, веданне прылады грузавога аўтамабіля ГАЗ 3309, слесарныя навыкі, адказнасць і выканальнасць.
На «Молочном мире» не хапае пяці вадзіцеляў грузавікоў. Заробак на прадпрыемстве прапануецца ад 2800 да 3300 рублёў. Асноўная задача — развоз гатовай прадукцыі. Патрабаванні да кандыдатаў — агульная сярэдняя адукацыя, досвед працы не менш за два гады на грузавых аўтамабілях і адсутнасць звальненняў па дысцыплінарных або іншых дыскрэдытуючых падставах.
Даволі шмат аб’яваў у «высокім» заробкавым сегменце пра пошук дальнабойшчыкаў, якія будуць ездзіць па маршруце Беларусь-Расія.
Напрыклад, прыватнае прадпрыемства «СаНіТрансАўта» шукае вадзіцеля грузавога аўтамабіля для выканання міжнародных перавозак паміж Беларуссю і Расіяй. Заробак — ад 3000 да 6000 рублёў.

Максімальна па вобласці: вадзіцелям грузавікоў — да 3,5 тысяч рублёў, вадзіцелям аўтобусаў — крыху менш
Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Гнезно» Ваўкавыскага раёна шукае адразу пяць вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў. Заробак — ад 3000 да 3500 рублёў. Ад трох да чатырох тысяч рублёў на стаўку прапануе Скідзельскі лясгас вадзіцелю грузавога аўтамабіля. Неабходна мець прафесійна-тэхнічную адукацыю і не менш за пяць гадоў досведу працы.
Шукае пяць кіроўцаў і філіял «Гроднааблаўтатранс» у Лідзе — «Аўтобусны парк» № 2. Прапанаваная зарплата — ад 2600 да 2800 рублёў пры поўнай стаўцы. Ад кандыдатаў патрабуецца агульная сярэдняя адукацыя, а таксама асобна адзначана — «веданне рускай мовы на задавальняльным узроўні».
Крыху менш — ад 2500 да 3000 рублёў пры поўнай стаўцы — абяцаюць у ДРСУ-161 у аграгарадку Тапілішкі Шчучынскага раёна. Аднак для прэтэндэнтаў патрабуецца прафесійна-тэхнічная адукацыя і як мінімум адзін год досведу працы.

Мінімальна па вобласці: 182 рублі за чвэрць стаўкі і ад 726 рублёў за поўны працоўны дзень
Адзін з самых нізкіх заробкаў — ад 182 да 250 рублёў за чвэрць стаўкі — прапануецца ААТ «Белкафе» ў Ашмянах. Тут шукаюць вадзіцеля легкавога аўтамабіля. Падобную зарплату прапануюць і ў Ашмянскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы — там патрэбны кіроўца аўтобуса на чвэрць стаўкі. Плаціць гатовыя 181,5 рубля. Крыху больш грошай для вадзіцеля аўтобуса абяцаюць у Воранаве — 210−290 рублёў (чвэрць стаўкі). Спецыяліст патрэбны ў падраздзяленне мясцовага райвыканкама.
Што тычыцца прапаноў на поўную стаўку, то зарплата тут пачынаецца ад 726 рублёў. Напрыклад, Слонімскі філіял «Белпошты» шукае вадзіцеля легкавога аўтамабіля з заробкам ад 726 да 1049,48 рубля. Столькі ж — 726 рублёў — гатовая прапанаваць Свіслацкая раённая ветэрынарная станцыя вадзіцелю легкавога аўтамабіля. Неабходны досвед працы не менш за пяць гадоў.
Зэльвенскае РУП ЖКГ шукае вадзіцеля аўтобуса. Аплата — ад 726 да 950 рублёў, пры гэтым асаблівых патрабаванняў да кандыдата не прад’яўляецца. У Ваўкавыску прадпрыемства крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС «Адзіннаццаць» прапануе вадзіцелю грузавіка зарплату ад 726 да 1500 рублёў.

Мінімальна ў Гродне: таксісты і вадзіцелі грузавікоў з навыкамі рамонту тэхнікі
У Гродне адкрыта 121 вакансія на 243 працоўныя месцы. Патрэбныя і вадзіцелі легкавых аўтамабіляў, і грузавікоў, і аўтобусаў, і таксісты. На чвэрць стаўкі ў Гродне вадзіцеляў не шукаюць, затое ёсць аб’ява пра 0,3 стаўкі для вадзіцеля легкавушкі ад філіяла КУП «Гроднааблпаліво». Заробак — 218 рублёў. Патрэбны досвед.
Мінімальныя зарплаты на стаўку ў Гродне — ад 726 да 1200 рублёў. Гімназія № 1 шукае вадзіцеля легкавога аўтамабіля. Праца пастаянная, у адну змену, аплата — ад 730 да 1200 рублёў. Яшчэ адна вакансія вадзіцеля легкавога аўтамабіля размешчана Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Заробак — 726 рублёў, праца ў адну змену.
Вадзіцеля грузавога аўтамабіля шукае прадпрыемства «ЗОВ-промсістэмы». Праца — раз’язная, у адну змену, на поўную стаўку. Заробак — ад 730 да 740 рублёў. Да кандыдата прад’яўляюцца высокія патрабаванні: прафесійна-тэхнічная адукацыя і не менш за шэсць гадоў досведу. Неабходна мець асабісты аўтамабіль. Плюсамі будуць адаптыўнасць, шматзадачнасць, уменне працаваць у камандзе і выконваць рамонт тэхнікі.
Ёсць вакансіі і ў таксі. Так, індывідуальны прадпрымальнік Шмыгера В.В. шукае таксіста. Праца пастаянная, у дзве змены, заробак — ад 730 да 1000 рублёў. Кандыдату неабходна агульная сярэдняя адукацыя і вольнае валоданне рускай мовай.
У раздзел з мінімальнымі заробкамі «зацясалася» і аб’ява пра пошук вадзіцеля-міжнародніка. Разбежка ў зарплаце вялікая — ад 750 да 2200 рублёў. Ад чаго яна залежыць — не ўдакладняецца, аднак адзначана, што ёсць прэміі за выкананне планаў. Прадугледжаны выпрабавальны тэрмін — 1 месяц. Вадзіцеля шукае ТАА «Дзелавая Лагістыка». Працоўны аўтамабіль — Renault Master 2018 года. Асноўныя маршруты — па Беларусі, а таксама ў Расію (Масква, Санкт-Пецярбург). Ад кандыдата патрабуецца як мінімум два гады досведу, вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі B, міжнародная карта вадзіцеля, а таксама асабістыя якасці: выканальнасць, адказнасць і стрэсаўстойлівасць.

Праблема старая, варыянтаў вырашэння пакуль няма
Яшчэ 10 гадоў таму тагачасная начальніца ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама Лілія Санюкевіч распавядала выданню «Вечерний Гродно», што найбольш запатрабаванымі ў Гродне застаюцца вадзіцелі. З тых часоў сітуацыя толькі пагоршылася.
Некалькі гадоў таму беларускія кампаніі ў сферы грузаперавозак сутыкнуліся з вострым дэфіцытам вадзіцеляў і іншых ключавых спецыялістаў — лагістаў, грузчыкаў, экспедытараў і кладоўшчыкаў. Асабліва прыкметнае павелічэнне адтоку беларускіх вадзіцеляў на працу ў Польшчу і Літву — у 2023 годзе беларусы складалі каля 18% усіх вадзіцеляў у Польшчы.
Пры гэтым кадравы крызіс назіраецца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, і ў Еўропе. Дырэктар прадстаўніцтва «Біржы грузаперавозак ATI.SU у Беларусі» Таццяна Салдаценка летась распавядала парталу tochka.by, што такі дэфіцыт кадраў вядзе да зніжэння рэнтабельнасці і сур’ёзных цяжкасцей для лагістыкі ў цэлым, і ў Беларусі ў прыватнасці.

На думку эксперткі, Беларусь шмат у чым пайшла па прыкладзе Польшчы і Літвы і часткова закрыла пытанні з недахопам кадраў з дапамогай працоўных мігрантаў. Тады ўступіла ў сілу пастанова Мінпрацы аб спрашчэнні працаўладкавання іншаземцаў, і было дазволена прыцягваць мігрантаў на працу вадзіцелямі. Пры гэтым Таццяна Салдаценка адзначала, што не варта чакаць вырашэння праблемы ў галіне толькі такім метадам, бо ў краіне дэфіцыт кадраў па ўсіх катэгорыях работнікаў галіны, а не толькі сярод вадзіцеляў.