У Беларусі пачаўся сезон цвіцення лаванды — працягнецца ён да сярэдзіны ліпеня. Hrodna.life даведаўся, якія тэматычныя мерапрыемствы пройдуць у Гродне і вобласці, і куды адправіцца гродзенцам, каб сфатаграфавацца на лавандавым полі.

Лавандавыя мерапрыемствы ў Гродне і вобласці

Аглядная экскурсія з Гродна ў Ліду

Кампанія VisaTravel.by арганізуе паездку ў Ліду. Удзельнікі наведаюць экасядзібу з лавандавым полем і прадэгустуюць крафтавыя сыры, у тым ліку і лавандавы. Таксама ў праграме — экскурсія па вадзяным млыне XIX стагоддзя ў вёсцы Дворышча і абед.

Экскурсія каштуе 160 руб., паездка запланавана на 13 ліпеня. Для ўдзелу патрэбны запіс у direct турфірмы.

Лавандавы фестываль у гатэлі «Кронан»

У рэстаране «Кронан» ладзяць лавандавы фестываль — ён пройдзе з 6 па 13 ліпеня. Будуць фотазоны і тэматычнае меню: гаспача з трускаўкай і лавандай, качка з лавандавым соусам і крэветкі з суніцамі і лавандай. Сэт распрацоўваў шэф-кухар Эдуард Пшэлуцкі.

Дзе ў Гродне і вобласці сфатаграфаваць лаванду

Экасядзіба «Лавандавы сад»

Экасядзіба «Лавандавы сад» знаходзіцца ў Іўеўскім раёне. Акрамя фотасесіі на фоне квітнеючага поля ўладальнікі прапануюць дэгустацыю сыроў, гарбату і пачастункі. Кошт наведвання — 60 руб., прымаюць групы да 5 чалавек. Запісацца ў «Лавандавы сад» можна да 21 ліпеня.

Сядзіба «Лаванда»

Поле знаходзіцца ў аграгарадку Луцкаўляны ў 30 км ад Гродна. Запісацца можна да 15 ліпеня. Уладальнікі гатовы параіць правераных фатографаў.

Вуліца Дубко ў Гродне

Калі выязджаць за межы Гродна не хочацца, то палюбавацца кветкамі можна на вуліцы Дубко. Кветнік з лавандзінам (ад лаванды расліна адрозніваецца буйнейшым памерам) знайшла гродзенка Святлана Несцярэнка.

Лавандавы сезон у Гродне і вобласці: куды схадзіць і дзе зрабіць фота?
Лавандзін на вуліцы Дубко. Фота: Святлана Несцярэнка, Facebook-група «Гродна»

Чытайце таксама: Дзе яшчэ ў Гродне ёсць кветкавыя фотазоны?