Беларуска апублікавала відэа з Краснасельскага крэйдавага кар’ера ў Ваўкавыскім раёне. «Што пад вадой у крэйдавых кар’ерах? Рэзкія абрывы, бездань, вялікая глыбіня. Гэта адна з прычын, чаму тут купацца забаронена і небяспечна», — адзначыла аўтар відэа. А рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як такія аб’екты можна ўладкаваць і ператварыць небяспечныя кар’еры ў паўнавартасныя турыстычныя прасторы.

За некалькі дзён ролік беларускі паглядзелі больш за 2,5 мільёна чалавек і пакінулі каля тысячы каментароў.

Адны карыстальнікі распавядалі, што купаліся ў падобных кар’ерах і ўсё добра, іншыя прыводзілі рэальныя трагічныя гісторыі. Іншыя каментатары казалі, што нават на схілах такіх кар’ераў знаходзіцца небяспечна — занадта яны стромкія і слізкія, дно вадаёма — непрадказальна.

Як крэйдавыя кар’еры сталі кропкай прыцягнення турыстаў

Краснасельскія кар’еры даўно сталі неафіцыйнай турыстычнай славутасцю. Яшчэ ў 2012 годзе іх наведала каля 100 тысяч чалавек, нягледзячы на адсутнасць тады арганізаванага турызму.

Гэтыя вадаёмы называюць «беларускімі Мальдывамі» з-за іх ярка-бірузовай вады. Раней тут здабывалі мел, але пасля завяршэння работ кар’еры паступова запоўніліся вадой. Пейзаж дапаўняюць абрывістыя берага, валуны і дрэвы, ствараючы ўражанне нерэальнага ландшафту. Нягледзячы на маляўнічасць, купанне і адпачынак тут афіцыйна забароненыя — кар’еры лічацца тэхнічнымі рэзервуарамі і знаходзяцца на тэрыторыі прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы». Пад’язныя дарогі не з’яўляюцца агульнадаступнымі: гэта прамысловая зона, што пацвярджаецца адпаведнымі знакамі і шыльдамі.

Беларуска паказала, як выглядаюць крэйдавыя кар'еры пад вадой — а ці можна іх ператварыць у бяспечную зону адпачынка?
Мелавыя кар’еры каля Ваўкавыска. Фота: belarusgid.com

Многія гады прадпрыемства спрабавала абмежаваць доступ турыстаў: перакопвалі падыходы да вады, усталёўвалі папярэджанні, рэгулярна публікавалі на сваім сайце тлумачэнні аб тым, што кар’еры — вытворчыя аб’екты з падвышаным узроўнем небяспекі. Аднак усё гэта не спыняла «дзікіх» турыстаў, якія кожнае лета нязменна імкнуліся да «беларускіх Мальдзіў».

Кар’еры часткова легалізавалі

У 2023 годзе кіраўніцтва завода часткова легалізавала наведванне аднаго з кар’ераў. Тут была абсталявана назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца від на возера плошчай 54 гектары і глыбінёй да 50 метраў.

Аднак доступ на яе адкрыты толькі для арганізаваных груп. Для іх распрацавана паўтарагадзінная экскурсійная праграма, якая ўключае наведванне музея прадпрыемства. У экспазіцыі прадстаўлены закамянеласці старажытных марскіх істот — двухстворкавых малюскаў, марскіх вожыкаў і аманіту.

Закшувек — добры прыклад для Краснасельска

На заводзе таксама планавалі пашыраць музейную экспазіцыю, дадаўшы ў яе інтэрактыўнае абсталяванне, а таксама зрабіць падсвятленне на агляднай пляцоўцы. Але, здаецца, гэта ўсё яшчэ толькі планы.

Беларуска паказала, як выглядаюць крэйдавыя кар'еры пад вадой — а ці можна іх ператварыць у бяспечную зону адпачынка?
Басейны ў кар’ерах у Кракаве. Фота: zzm.krakow.pl

У той жа час у Польшчы падобныя вадаёмы ператвараюць у турыстычныя аб’екты, дзе можна бяспечна купацца і займацца дайвінгам. Напрыклад, каля Кракава ёсць свае «польскія Мальдзівы» — вапняковыя кар’еры Zakrzówek (Закшувек).

Здабычу выкапняў тут завяршылі ў 1990 годзе, і некалькі дзесяцігоддзяў рэзервуары з вадой знаходзіліся ў такім жа стане, як і ў Ваўкавыску. Тут было небяспечна купацца. Але мясцовыя жыхары ўсё роўна выкарыстоўвалі кар’еры для «дзікага купання», таму ўлады вырашылі добраўпарадкаваць меншы з вадаёмаў.

Беларуска паказала, як выглядаюць крэйдавыя кар'еры пад вадой — а ці можна іх ператварыць у бяспечную зону адпачынка?
Басейны ў кар’ерах у Кракаве. Фота: zzm.krakow.pl

Хоць і раней самы вялікі і самы глыбокі кар’ер ўжо аблюбавалі дайверы. У выніку другі пакінулі на водкуп нырцам — купацца без спецыяльнага абсталявання і навыкаў тут усё гэтак жа небяспечна.

А вось другі — паменьш — ператварылі ў месца адпачынку, якое ў цёплы сезон карыстаецца вялікай папулярнасцю. Тут абсталявалі пяць басейнаў, якія плаваюць на вадзе — ад дробных для дзяцей і глыбокіх (да 4 метраў), для дарослых. Кожны з іх акружаны драўляным насцілам.

Беларуска паказала, як выглядаюць крэйдавыя кар'еры пад вадой — а ці можна іх ператварыць у бяспечную зону адпачынка?
Басейны ў кар’ерах у Кракаве. Фота: zzm.krakow.pl

Комплекс працуе летам, тут арганізаваны дзяжурствы выратавальнікаў, ёсць пункты грамадскага харчавання, распранальні і прыбіральні. Наведвальнікі таксама могуць арандаваць лодкі, каякі або SUP-борды.

Вакол кракаўскіх кар’ераў ёсць дзіцячыя пляцоўкі, аглядныя пляцоўкі, зоны для трэніровак і барбекю, а таксама бегавыя дарожкі. Уваход на тэрыторыю купалень бясплатны.