85 з 195 вакансій на ААТ «Гродна Азот» былі апублікаваныя ў 2024 годзе. З іх 10 — яшчэ вясной мінулага года. Вакансіі адкрытыя дагэтуль. Пра гэта можна даведацца з сайта Службы занятасці.

На ААТ «Гродна Азот» адкрыта 195 вакансій і 658 працоўных месцаў. Гэта розныя паняцці: адна вакансія можа мець некалькі працоўных месцаў.

Практычна палова вакансій не закрытая з вясны і восені 2024 года. Шукаюць рабочых — слесараў, машыністаў, кантролераў, апаратчыкаў. Маюць патрэбу і ў іншых спецыялістах — інжынерах, эканамістах, начальніках. Шукаюць і спецыяліста ў службу бяспекі.

Суіскальніку трэба запоўніць анкету. Сярод іншага, пытаюцца пра наяўнасць дзяцей, кім працуе муж і жонка і ці працуе хтосьці з блізкіх у «Гродна Азот». Таксама трэба пазначыць, ці прыцягваліся вы да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.


«Гродна Азот» стаў цэнтрам пратэстаў у 2020 годзе. Пасля няўдалай стачкі ў кастрычніку 2020 года на супрацоўнікаў пачалі ціснуць. У канцы 2021 года на прадпрыемстве загаварылі пра звальненні па спісах. Звальнялі людзей, якія былі датычныя да ініцыятыўных груп альтэрнатыўных кандыдатаў. Звальнялі як шараговых завадчан, так і вопытных спецыялістаў з адміністрацыйных будынкаў. Таксама на супрацоўнікаў ціснулі праз наяўнасць у іх карты паляка. На прадпрыемстве перыядычна здараюцца затрыманні.