Комплекс будынкаў на Васілька перабудуюць пад аб’екты грамадскага прызначэння. Частку будынкаў адновяць, частку знясуць — і пабудуюць новыя. Праект справаздачы па ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) выставяць на грамадскія абмеркаванні.
Праект прадугледжвае:
- рэканструкцыю будынка № 28/5 пад шматфункцыянальны будынак грамадскага прызначэння з уладкаваннем гандлёва-адміністрацыйных памяшканняў і памяшканняў бізнес-апартаментаў;
- капітальны рамонт адміністрацыйнага будынка № 28 (паз. 2 па ГП);
- знос аварыйнага будынка № 28/3 і гаспадарчых пабудоў;
- узвядзенне будынка грамадскага прызначэння;
- будаўніцтва інжынерных сетак з улікам перспектыўнай забудовы (электразабеспячэнне, водазабеспячэнне і каналізацыя, газазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне, сувязь). Ацяпленне будзе ад міні-катэльні - на прыродным газе, біямасе або электраацяпленне;
- добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі - пракладуць дарожкі, зробяць азеляненне, усталююць малыя архітэктурныя формы.
Комплекс будынкаў размешчаны ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Гродна.
Справаздачу аб АУНА падрыхтуюць да 7 ліпеня. Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 8 ліпеня па 18 жніўня. З 8 жніўня да 18 верасня перадпраектную дакументацыю перададуць на дзяржэкспертызу і прымуць рашэнні па планаванай дзейнасці. Заказчык працаў - гродзенскае ААТ «Электрабудзінвест».
Раней базу выкарыстоўвалі камунальныя службы, пасля нейкі час яна прастойвала. Комплекс з трох адміністрацыйных будынкаў пачатку XX стагоддзя — плошчай ад 100 да 250 кв. м і вышынёй у 2 і 3 паверхі - прадалі праз аўкцыён восенню 2023 года. На базе таксама ёсць гараж, майстэрня, навес для машын. Тэрыторыя базы — больш за 0,2 га.
Чытайце таксама: Рэканструкцыя па-гродзенску: стагадовы дом у цэнтры Гродна разабралі на цагліны