Аб альтэрнатыўным шляху з Беларусі ў Польшчу распавяла ў TikTok Маргарыта. Каб не стаяць у чэргах на мяжы, дзяўчына паехала з Мінска на цягніку ў Калінінград, а адтуль – аўтобусам да Варшавы.

Мінск-Калінінград-Варшава

З Мінска ў Калінінград дзяўчына дабіралася начным цягніком. «Усю ноч спалі нармальна, не скурчыўшыся, толькі некалькі разоў прачыналіся на мяжы, каб памежнікі паставілі штамп», – апісвае дарогу Маргарыта.

Раніцай беларуска была ў Калінінградзе. Дзяўчына правяла ў горадзе некалькі гадзін – паспела паснедаць у кавярні непадалёк ад вакзала. Ужо ў 11 гадзін Маргарыта села на аўтобус Калінінград – Варшава. «Мяжа была пустая. Прайшлі вельмі хутка – без чэргаў».

У Варшаву беларуска прыбыла ў 8 вечара. «Не закатаваныя і з выразным усведамленнем, колькі зойме дарога. Замест невядомасці ў вялізных чэргах праз Брэст», — рэзюміравала Маргарыта.

Каментатары: “Лепш праз Вільню – з’есці цэпеліны і ў Варшаву”

Не ўсе каментатары ацанілі такі лайфхак. Адны лічаць, што паездка праз Калінінград не дазволіць зэканоміць час. Іншыя адзначаюць высокі кошт білетаў на цягнік. Паездка ў плацкарце абыдзецца ад 278 да 300 руб., у купэ – ад 502 да 675 руб.

«А ў чым прыкол рабіць круг, заязджаючы ў Калінінград? Даязджаеш на аўтобусе да Вільні за 4,5 гадзіны (з іх 2 гадзіны на мяжы звычайна) – гэта €55. Потым рэйсавым цягніком да Варшавы – гэта 8 гадзін і €25. Усё», — піша Санёчек

«Лепш і прасцей: заехаў і зарэгістраваўся ў электроннай чарзе, паехаў адпачываць. Пазванілі – і паехаў на мяжу», — лічыць Vitali

«Жах, ніколі не паехаў бы, усведамляючы, што 500 км ад Мінска да Варшавы. І для гэтага трэба суткі ці больш аб’язджаць палову планеты», — выказваецца tbkoo.xyz.0.

«На 5 раніцы з Мінска ў Вільню праз Беняконі (140 руб.). З’есці цэпеліны ў Вільні і на LuxExpress Вільня-Варшава. Хутка, камфортна, танна», — адзначае Юлия

«Прасцей было падысці да шлагбаўма ў Брэсце на Варшаўскім мосце, заплаціць $40 і праехаць за пяць гадзін.», — піша Giijbgg Ffghv

Чытайце таксама: Адмена рэйсаў, падаражанне білетаў, яшчэ больш часу ў чэргах: як цяпер дабірацца з Гродна ў Польшчу і Літву?