Падчас стрыму, прысвечанага добраўпарадкаванню вобласці, гродзенцы пацікавіліся, як улады збіраюцца вырашаць пытанне з дзікімі жывёламі на трасах. Чыноўнікі прызналі, што папярэдні варыянт агароджы — «аптычны плот», апынуўся неэфектыўным.
«Аптычны плот» не спрацаваў, таму вярнуліся да класічнай агароджы
У Гродне і вобласці на працягу 6 гадоў праводзіўся эксперымент з «аптычным плотам». Меркавалася, што святлоадбівальныя сігнальныя слупкі будуць адпужваць жывёл. Замест таго, каб выбягаць на трасу, жывёлы павінны былі вяртацца ў бок лесу. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук прызнаў, што эксперымент аказаўся неэфектыўным.
Цяпер чыноўнікі вяртаюцца да старога спосабу — усталёўцы металічнага плота уздоўж трас М6 і Р99. У 2024 годзе ўлады ўстанавілі 30 км металічнага плота, а сёлета плануюць пабудаваць не менш як 35 км. Толькі за 2025 год на ўстаноўку агароджы было выдаткавана 2 600 000 руб.
Траса М6 прызнана адной з самых небяспечных — аварыі з жывёламі здараюцца штогод
У 2020 годзе дзікія жывёлы 96 разоў траплялі ў ДТЗ на трасе М6. У 2021 годзе трасу абгарадзілі сеткай, але гэта не вырашыла праблему — жывёлы працягвалі выбягаць на дарогу і гінулі з-за аўтамабіляў. Толькі ў траўні 2022 года зафіксавалі тры выпадкі, калі звяры выходзілі на магістраль — адзін з іх скончыўся цяжкім ДТЗ. Улетку 2023 жывёл на трасе заўважалі мінімум чатыры разы. Часта жывёлы карыстаюцца разрывамі ў сетцы, якія пакідаюць для праезду сельгастэхнікі на палі.
У 2023 годзе трасу М6 прызналі адной з самых небяспечных з-за ДТЗ з дзікімі жывёламі. Аварыі, нават пасля рэканструкцыі магістралі, здараюцца штогод.
Эколагі раяць будаваць біяпераходы — у Польшчы так робяць ужо 30 гадоў
У дакладзе, прысвечаным гібелі жывёл на дарогах, які падрыхтаваў Greenpeace, адзначаецца, што сітуацыя будзе пагаршацца. Прычына — у павелічэнні працягласці дарог і колькасці аўтамабіляў.
Эксперты Greenpeace лічаць, што для вырашэння праблемы неабходна кансультавацца з біёлагамі на стадыі праектавання дарог, а таксама пераводзіць знак «Дзікія жывёлы» з катэгорыі папераджальных у забараняльныя. Замест узвядзення агародж уздоўж дарог эколагі раяць будаваць біяпераходы для жывёл.

У суседняй Польшчы практыку будаўніцтва біяпераходаў ужо ўвасабляюць у жыццё. З 1996 па 2022 пабудавалі больш за 5 тыс. пераходаў. З іх — амаль 3,5 тыс. для дробных жывёл і амфібій, 1,3 тыс. для буйных звяроў, а таксама 207 надземных пераходаў. Кошт аднаго наземнага маста для жывёл польскія ўлады ацэньваюць у 11 млн злотых (9,5 млн руб.).


Платы ў Польшчы ўсталяваныя на 1% усёй дарожнай сеткі - на хуткасных аўтастрадах, якіх у краіне амаль 4900 км. Пры гэтым у межах развязак агароджы звычайна няма — і менавіта там на дарозе можа з’явіцца дзікая жывёла ці сабака. Тады вадзіцелям раяць паведамляць аб гэтым у дарожную інфармацыю па кругласутачным нумары.
Гродзенская магістраль мае два падземныя тунэлі для жывёл
У 2017 годзе падчас рэканструкцыі трасы М6 гродзенскія чыноўнікі анансавалі будаўніцтва двух пераходаў для жывёл. Два падземныя тунэлі з’явіліся на 140-м кіламетры пад Гаўяй і на 199-м кіламетры ў Шчучынскім раёне. Таксама чыноўнікі адчыталіся аб будаўніцтве «шматлікіх пераходаў для земнаводных». Аднак іх дакладную колькасць не назвалі.
