У траўні ў Гродне адкрыўся корт для падэл-тэнісу. На пляцоўцы прадугледжана некалькі асобных зон для гульняў. Таксама на корце пабудавалі спецыяльнае ўзвышэнне, каб можна было назіраць за гульцамі зверху. Аб адкрыцці пляцоўкі ўладальнікі паведамілі ў сваім Instagram.

Чым падэл-тэніс адрозніваецца ад вялікага тэніса?

Падэл-тэніс спалучае ў сабе правілы вялікага і настольнага тэніса, а таксама сквоша. Ад вялікага тэніса гульня атрымала корт з нацягнутай па цэнтры сеткай і сістэму падліку балаў. Ад настольнага тэніса — ніжнюю падачу і ракеткі без струн.

Уладальнікі корта адзначаюць, што ў адрозненне ад вялікага тэніса, у падэл-тэнісе прасцей тэхніка, гуляюць заўсёды парамі, а корт — меншы па памеры. Сцены — абавязковы атрыбут у падэл-тэнісе, яны таксама становяцца часткай гульні і дазваляюць выкарыстоўваць больш тактык падчас матчу.

Колькі каштуе пагуляць у падэл-тэніс у Гродне

На гродзенскай пляцоўцы ёсць два корты — вялікі, для гульні ўчатырох, і малы — для пары гульцоў. Кошт арэнды корта абыдзецца ў 85 руб. і 50 руб. у гадзіну адпаведна. За ракетку прыйдзецца аддаць 8 руб., за тры мячы для гульні - 4 руб.

Акрамя арэнды корта можна замовіць занятак з трэнерам:

  • адзіночная трэніроўка — 100 руб.,
  • камандная трэніроўка для трох чалавек — 150 руб.

У якасці дадатковай паслугі ўладальнікі корта прапануюць гараджанам зладзіць фотасесію на пляцоўцы. Для гэтага дастаткова ўзгадніць час з уладальнікамі і абраць лакацыю — гэта можа быць як корт, так і зона адпачынку ці распранальні.

Корт знаходзіцца на Румлёўскім праспекце 8/3. Пляцоўка працуе штодня з 8 раніцы да 23 вечара.

Дзе ў Гродне ёсць тэнісныя корты?

У горадзе ёсць некалькі адкрытых і закрытых пляцовак для гульні ў тэніс. Гродзенская ДЮСШ тэніса прапануе адразу чатыры лакацыі для гульні. Кошт арэнды кортаў вар'іруецца ад 12 да 36 руб.

  • крыты корт на вуліцы Лідскай, 40;
  • пляцоўка з 4 кортамі на вуліцы Горкага, 82А;
  • корты са штучнай травой на Пестрака, 34/1.

Арандаваць пляцоўку для гульні можна на базе адпачынку «Прывал». Паслуга абыдзецца ў 8 руб. у гадзіну. Пагуляць у вялікі тэніс можна і на базе адпачынку «Дом рыбака». Кошт арэнды — 7 руб.

Тэнісны корт ёсць у аквацэнтры па адрасе Болдзіна, 7. Гадзіна гульні на пляцоўцы абыдзецца ў 17 руб. На сайце аквацэнтра папярэджваюць, што аплачваць корт трэба загадзя, а пры дрэнным надвор'і паслуга не прадастаўляецца.

Яшчэ адзін корт знаходзіцца ў спарткомплексе «Нёман» на Камунальнай, 3А. Арэнда адкрытага корта абыдзецца ў 12 руб., закрытага — у 18 руб.

Чытайце таксама: У цэнтры Гродна закрылася крама спорттавараў, якая працавала больш за 30 гадоў