Уладальнікі дастаўкі паназіяцкай кухні SOY адкрываюць першы фізічны рэстаран. “Мы зрабілі гэта не толькі таму што ўсе прасілі, але і таму што першапачаткова да гэтага ішлі”, – напісалі SOY у сваім Instagram.
Рэстаран будзе знаходзіцца ў цэнтры Гродна – па адрасе Вялікая Траецкая, 23, насупраць крамы «Обуховский». Хутка там з’явіцца шыльда. Па словах уладальнікаў, гасцей чакае адкрытая кухня і тэраса.
У меню: сэты і плато, сашымі, урамакі, макі, нігіры, тэмпура, гарніры, фірмовыя стравы, морапрадукты, гарачыя і халодныя напоі, віно і кактэйлі. Пазіцыі ў рэстаране і ў дастаўцы адрозніваюцца. У бліжэйшы час у SOY з’явяцца паназіяцкія сняданкі і вячэры ў рэжыме «Омакасе» (з японскага — «спадзяюся на вас», госці давяраюць выбар страў шэф-кухару — Hrodna.life). Уладальнікі плануюць абнавіць меню рэстарана да сярэдзіны лета.
Графік працы ўстановы пакуль не раскрываецца. Тэставае адкрыццё адбудзецца ў чацвер, 22 траўня. Усіх жадаючых запрашаюць пакаштаваць стравы і ацаніць новую прастору.
“Свабодных месцаў не будзе”
У каментарах у Instagram гродзенцы жадаюць новай установе поспеху, росквіту і добрых кліентаў. Адзін з карыстальнікаў напісаў: “Баюся, што свабодных месцаў у вас не будзе, паколькі кухня проста афігенная”.
На час падрыхтоўкі новай установы працу дастаўкі прыпынілі. Уладальнікі падкрэсліваюць, што пасля запуску рэстарана дастаўка і самавываз працягнуць працаваць у ранейшым рэжыме.
SOY пачаў працу ў Гродне 3 верасня 2024 года як служба дастаўкі паназіяцкай кухні. У меню на заказ – урамакі, тэмпура, сашымі, ролы макі, поке боулы, нігіры сушы, гункан сушы, фірмовыя стравы, сэты, напоі, а таксама пазіцыі з астуджанай рыбы з рознымі відамі посола.



