«Бачныя шыкоўныя кафляныя печы, але заходзіць унутр небяспечна». У якім стане цяпер стагадовы дом у стылі канструктывізму на Асіпенкі, 3, у Настаўніцкай калоніі, паказала ў TikTok гродзенка.

Драўляны дом 1930-х гадоў у стылі так званага польскага канструктывізму гарадскія ўлады прадалі ў пачатку 2023 года. Хто стаў новым уласнікам, не агучвалі. Ужо тады дом быў у аварыйным стане, але новага гаспадара абавязалі ў выніку адбудаваць дом у зыходным выглядзе.

Дом стаяў без жыхароў з 2015 года. Цяпер яго стан гаротны: часткі даху проста няма, на захаваным — расце дрэва, вокны забітыя абы-як. Відэа пра дом было знята 13 траўня 2025 года.

Шэсць гадоў таму, у 2019 годзе, гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон пераканаў старшыню гарвыканкама на асабістым прыёме даць гістарычна каштоўным драўляным будынкам Гродна апошні шанец. Улады паабяцалі пашукаць ім гаспадароў праз аўкцыёны. Як раз у той дзень збіраліся зносіць і дом на Асіпенкі, але пасля званка ў гарвыканкам разборку будынка спынілі. Тады ён і пазбавіўся часткі даху. Праз паўгода дом выставілі на аўкцыён са стартавай цаной амаль у 14,5 тысяч рублёў. Будучы ўладальнік сам павінны быў вызначыцца з праектам — неабходны знос ці рэканструкцыя існуючага будынка. Паводле ацэнак Мечыслава Супрона, тады каркас будынка можна было захаваць.

«Так вось за гэта і ідуць на павышэнне ўсе чыноўнікі, гаспадарнікі ў вертыкалі ўлады не іначай» — напісалі ў каментарыях да відэа (захавана аўтарскае напісанне).