Псіхолаг Вольга Вялічка
Псіхолага і дырэктарку ліквідаванага Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольгу Вялічку выключылі са спісу дэлегатаў Каардынацыйнай Рады (КР). Па словах Вялічкі, аб выключэнні яна даведалася выпадкова, і нават не ведае, калі дакладна гэта адбылося — 6 ці 7 траўня. Гродзенка пакуль не ведае, як перадаць справы ўжо былым калегам.
У Каардынацыйнай Радзе Вялічка ўваходзіла ў фракцыю Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» і ўзначальвала камісію па сацыяльнай палітыцы. Як паведаміла ў сваім Facebook гродзенка (яна зрабіла публічны пост, а потым схавала яго з агульнага доступу), за 7 месяцаў валанцёрскай дзейнасці ў складзе КР яна паспела арганізаваць сустрэчу дэлегатаў з беларускай дыяспарай у Вільні, правяла тры акцыі па пытаннях здароўя, арганізавала мерапрыемства ў Беластоку для дзяцей палітвязняў і стварыла працоўную групу па пытаннях пенсій у Беластоку.
Гродзенка адзначае, што прапанавала арганізаваць групу па пытаннях беларусаў у ЗША, а таксама вылучала сваю кандыдатуру ў Парламенцкую асамблею Савета Еўропы. Па словах Вялічкі, вывесці сацыяльныя пытанні беларусаў у вялікую палітыку ў яе не атрымалася.
«Маё бачанне працы часам грунтоўна адрознівалася ад тых працэсаў, што праходзілі ў КР. Таму я вырашыла, што на дадзены момант няма ніякіх магчымасцей для прасоўвання пытанняў сацыяльнай палітыкі.
Пра гэта я напісала ў прыватнай перапісцы Юрыю Губарэвічу (старшыня Руху «За Свабоду» — Hrodna.life) і Арцёму Брухану (намеснік кіраўніка НАУ, сябар той жа фракцыі - Hrodna.life). З Юрыям мы пагадзіліся, што КР зараз праходзіць складаныя часы і трэба знайсці адзіны і паслядоўны механізм, каб я магла перадаць справы сваім калегам па камісіі, што засведчана ў нашай з ім прыватнай перапісцы. На тым камунікацыя ў нас спынілася і я шчыра была ўпэўненая, што мы на этапе ўзгадненняў", — пракаментавала сітуацыю Hrodna.life Вольга Вялічка.
Аб выключэнні са складу КР Вялічка даведалася выпадкова падчас размовы з Арцёмам Бруханам. Гродзенка дадае, што папярэдніх працэдур або перадачы спраў не адбылося.
«Мяне абурыла не тое, што мяне выключылі, а як арганізавана сама працэдура: не празрыста, праз прыватную перапіску, без магчымасцей перадаць справы. Бо камісія (па сацыяльнай палітыцы — Hrodna.life) стваралася не як мая прыватная, а ўсё, што было напрацавана, належыць КР і натуральна нармальна гэта перадаць належным чынам. Хачу адзначыць, што я неаднаразова казала пра важнасць прыняцця палітычнай адказнасці шматлікіх непразрыстых працэдур, пачынаючы ад фінансавання і заканчваючы працэдурай перадачы спраў. Каму перадаваць справы і як гэта рабіць — пакуль невядома ні мне, ні маім ужо былым калегам. Зараз мы спрабуем даведацца, як правільна гэта мусіць быць зроблена», — рэзюміруе Вялічка.
Hrodna.life паспрабаваў звязацца з Паўлам Латушкам, але аператыўнага адказу пакуль не атрымаў. Мы таксама даслалі ліст у прэс-службу Каардынацыйнай Рады. Калі мы атрымаем каментарый палітыка, мы дапоўнім навіну.
UPD: На наш запыт памочнікі Паўла Латушкі параілі нам звярнуцца да Юрыя Губарэвіча.
Гіды і экскурсаводы ў Беларусі цяпер павінны ведаць асновы дзяржаўнай ідэалогіі. Такое патрабаванне з'явілася ў…
Айцец Андрэй Крот з Гродна быў у дэлегацыі беларускіх святароў, якая сустрэлася з новым пантыфікам.…
Фатаграфія кабінкі для перапранання на пляжы ў Ласосна патрапіла ў рэдакцыю Hrodna.life. Драўляныя балкі ў…
Мужчына вяртае ў гняздо буслам птушаня, якое выпала, - такое відэа ў апошні тыдзень набірае…
Гарадскі выпускны пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы. Запланавана ўрачыстае шэсце і выступленні беларускіх артыстаў.…
Заснавальніца рэкламнага агенцтва "На ўра" і ўдзельніца конкурсаў прыгажосці Лана Глумакова выпускае кнігу "Жаночы Магнетызм…