У траўні на даху комплексу «Бровар Гродна» з’явіўся флюгер. Пры рэстаўрацыі гродзенскага піўзавода інвестару было важна ўстанавіць гэты элемент: флюгер дазваляе захаваць аўтэнтычнасць піўзавода, а таксама адсылае да года яго адкрыцця.
Флюгер для гродзенскага піўзавода вырабіў каваль Юрась Мацко. У Гродне можна сустрэць шмат работ майстра розных гадоў: гэта і флюгер на пажарнай каланчы ў выглядзе пажарнага, які хапае пеўня за хвост, і элементы дэкору ў музеі гісторыі Гарадніцы і аптэцы-музеі, і скульптура «Хлебнае дрэва» на вуліцы Дзяржынскага.
На флюгеры, вырабленым для піўзавода, майстар замацаваў дзве фігуркі. Сцяжок з годам пабудовы піўзавода — 1877, а таксама хмельную шышку. «Лісткі ў яе [шышкі — Hrodna.life] падобныя на рыбку, таму сюды арганічна ўпісаўся сімвал хрысціянства — рыба», — патлумачыў Мацко канцэпцыю флюгера ў Instagram піўзавода.
На флюгеры ёсць дадатковыя элементы, якія ўраўнаважваюць канструкцыю, а вось лёгка пракручваецца на 360 градусаў. Зроблена гэта для таго, каб флюгер круціўся нават пры лёгкім ветры.




Арт-прастора, рэстараны і шоўрум: што з’явіцца ў абноўленым піўзаводзе
Рэканструкцыю піўзавода плануюць завяршыць да канца 2025 года, але для гасцей яго адкрыюць толькі ў 2026. На абнаўленне «Бровар Гродна» ужо выдаткавалі $ 4,5 млн, але для далейшых работ спатрэбіцца яшчэ $ 2,5 млн.
На тэрыторыі комплексу з’явіцца вялікі рэстаран, фуд-корт і шоўрум ад беларускіх дызайнераў. Усяго адкрыюць 16 рэстаранаў, бараў і кавярняў.
У ходзе рэстаўрацыі плануюць захаваць арыгінальны від сцен асноўнага корпуса. Ва ўнутраным дворыку зробяць пляцоўку для правядзення мерапрыемстваў, а ў падвалах з’явяцца музейныя залы, арт-прастора і сувенірныя крамы.
Чытайце таксама: Як піўзавод будзе выглядаць пасля рэканструкцыі?