Для зручнасці жыхароў і гасцей горада ў Гродне ўводзяць новую схему абмежавання руху мотатранспарту. Існуючая зона, у якой забаронена ездзіць на матацыклах у начны час, павялічыцца ў некалькі разоў.

З 22:00 да 06:00 матацыклам забаронена ездзіць у зоне, абмежаванай вуліцамі Заводская, Падольная, Лідская, Пралетарская, Шчорса, Будзёнага, Ажэшкі, Віленскім завулкам, вуліцамі Лермантава, Працоўнай і Гарнавых (да кальца ля філармоніі). Фактычна пад забарону трапіў увесь гістарычны цэнтр Гродна і прылеглы да яго раён за чыгуначным палатном.

Рашэнне прынята для зніжэння шуму і стварэння больш камфортнай абстаноўкі ў начны час, паведамляе канал «Пул 4 Рэгіён».

Упершыню начную забарону на матацыклы ўвялі ў Гродне тры гады таму

Свабодная ад начных паездак на матацыклах зона з’явілася ў Гродне летам 2022 года. Тады ДАІ абяцала адсочваць сітуацыю і, пры неабходнасці, у будучыні ўвесці дадатковыя пастаянныя зоны абмежавання ў начны час. Раней гродзенцы не раз скардзіліся на шум, які матацыклісты ствараюць па начах летам.

Ці могуць пакараць за шум ад матацыклаў?

Пакаранне за шумную язду на матацыкле не прадугледжана. Узровень шуму правяраюць на станцыях тэхагляду. Ён не павінен перавышаць 96 дэцыбел (гук адбойнага малатка на адлегласці 1 метр — 110 дэцыбел). Матацыкл, які стварае больш гучны шум, проста не зможа прайсці тэхагляд.