Іміджавы фільм аб інвестыцыйнай прывабнасці Гродна задумалі ў гарвыканкаме. На яго выдаткуюць бюджэтныя грошы. Відэа здымуць на кітайскай — для будучых партнёраў.
Фільм будуць рабіць з 12 траўня па 1 верасня. У колькі ён абыйдзецца, пакуль высвятляюць. Папярэдне яго ацэньваюць у 30 000 рублёў ($ 9779).
Аўтар павінен будзе распрацаваць канцэпцыю, напісаць сцэнар, арганізаваць здымкі, мантаж і пост-прадакшн відэароліка. Мэта — узмацніць цікавасць да інвестыцыйнага, культурнага і турыстычнага патэнцыялу горада. Трэба зрабіць акцэнт на прамысловым, бізнес-лагістычным, турыстычным і чалавечым патэнцыяле і ўмацаваць пазітыўны імідж горада на міжнароднай арэне.
Патрэбен эксперт-гісторык і дрон
У фільме хочуць паказаць багатую гістарычную спадчыну, стратэгічнае геаграфічнае становішча, сацыяльнае уладкаванне, узровень медыцыны, талерантнасць. Відэа дапоўняць інфармацыяй аб IT-сферы, турыстычных маршрутах, спартыўных і культурных мерапрыемствах, фестывалях.
Прыкладная даўжыня — 5 хвілін. Фільм будзе на трох мовах — рускай, кітайскай і англійскай. Трэба прыцягнуць эксперта-гісторыка, каб быць дакладным у датах. Спатрэбяцца здымкі з дрона, а да гэтага — атрымаць усе дазволы.