Тры злачынствы за «экстрэмізм» распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым ліку — за паведамленні «Беларускаму Гаюну». Інфармацыя з’явілася ў дакументах для ідэолагаў, піша Telegram-канал «Право имеют».

3 сакавіка распачалі дзве крымінальныя справы па ч.1 і ч. 2 арт. 361−4 КК за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці ў дачыненні да 20-гадовага навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа ім. І. Шчаснага.

Хлопец у перыяд з 2022 года па 3 сакавіка 2025 года перасылаў паведамленні ў чат «Беларускі Гаюн», прызнаны ў сакавіку 2022 года экстрэмісцкім фарміраваннем. У тым ліку пісаў пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі ў Беларусі.

Беларускі Гаюн — маніторынгавы OSINT праект актывіста Антона Матолькі, які адсочваў вайсковую актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. У лютым 2025 года сілавікі атрымалі доступ да чату, дзе збіраліся звесткі ад людзей. Яны ўвайшлі туды праз запрашальную спасылку, якую знайшлі ў актывісткі ў Беларусі. У тым жа месяцы праект зачыніўся.

Каго яшчэ з падлеткаў судзілі за экстрэмізм?

Сілавікі таксама ўспамінаюць гісторыю, як 16-гадовы навучэнец Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа зрэзаў і «выкраў» чырвона-зялёны сцяг. Распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК за здзек над дзяржсімволікай.

Іншы гродзенец у 2020 годзе, калі яму было 16 гадоў, напісаў у Telegram-канале «Гародня 97%» абразлівыя паведамленні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Узбудзілі крымінальную справу па арт. 368 КК.

Як змагацца з «экстрэмізмам»?

Сілавікі прапануюць праводзіць больш адкрытых дыялогавых пляцовак з «вядучымі палітычнымі аглядальнікамі, правільнымі блогерамі».