Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль з рэстаранам і кафэ. Ад першапачатковай пабудовы ў гістарычным раёне Новы Свет застануцца толькі два фасады ў змененым выглядзе. Будаўніцтва паглыне і суседні аднапавярховы дом 1915 года пабудовы.

Мяркуючы па праекце, аб’ём першапачатковага будынка павялічаць, надбудаваўшы трэці паверх і прыбудаваўшы з боку Міцкевіча трохпавярховы аб’ём. Каменны аднапавярховы будынак, які стаіць ушчыльную, таксама павялічаць да трохпавярховага. Частка будынка, якая будзе на месцы арыгінальнага, паўторыць яго форму, будзе з дрэва і афарбаваная ў зялёны колер. Вокны павялічаць у даўжыню, апусціўшы ніжнія рамы ніжэй карнізнага пояса, адзначае канал Urban Hrodna.

Праект прадугледжвае:

  • На першым паверсе размясціць вестыбюль гасцініцы, рэстаран на 50 месцаў і кафэ на 30 месцаў. Таксама плануюцца падсобныя памяшканні і міні-кацэльню на газу.
  • На другім паверсе размясціць 10 гасцінічных нумароў, на трэцім — 11. Таксама там будуць тэхнічныя памяшканні для абслугоўвання нумароў.
  • У падвале — тэхнічныя і дапаможныя памяшканні для рэстарана.
  • Будынак будзе забяспечаны халодным водазабеспячэннем, каналізацыяй, ацяпленнем ад газавага катла, вентыляцыяй і кандыцыянерамі.
  • Для гасцей арганізуюць пяць парковачных месцаў з боку ўваходу па вуліцы Міцкевіча, адно — для людзей з інваліднасцю.
  • Уваход для наведвальнікаў будзе з паўночнага фасада будынка. Праезд для загрузкі - з боку вуліцы Філарэта.
  • Каля ўваходаў і праездаў будзе тактыльная плітка.

На тэрыторыі будаўніцтва (агульная плошча 0,2432 га) спілуюць дрэвы, пасля адновяць газоны, пракладуць дарожкі і азеленяць тэрыторыю. У залік васьмі спілаваных лісцевых дрэў арганізуюць кампенсацыйныя пасадкі 35 хвойных.

Падчас работ на тэрыторыі павінны будуць выконваць меры па абароне археалагічных аб’ектаў, бо яна ўваходзіць у зону аховы гістарычнага цэнтра Гродна. Праект распрацавала ТАА «ВКЛ праект».

исторического центра Гродно. Проект разработало ООО «ВКЛ проект».

Правядуць грамадскія абмеркаванні

Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе рэканструкцыі будынка на Міцкевіча, 1 у Гродне пройдуць з 23 красавіка 2025 года па 23 траўня 2025 года.

У гэты час усе зацікаўленыя асобы могуць азнаёміцца з дакументацыяй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), якая будзе даступная:

  • На афіцыйным сайце Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні».
  • У ТАА «ВКЛ-праект» і ТАА «Гандлёвы дом «ШАКОЦІС».

Прапановы і заўвагі можна накіроўваць у:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, вул. Леніна, 2/1, г. Гродна, [email protected].
  • ТАА «ВКЛ-праект», г. Гродна, вул. 17 Верасня, д. 8, [email protected].
  • ТАА «Гандлёвы дом «ШАКОЦІС», г. Гродна, вул. Свабодная, д. 11, [email protected].

Таксама можна адпраўляць заяву аб неабходнасці правядзення грамадскіх слуханняў у Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт на працягу 10 рабочых дзён з пачатку абмеркаванняў па адрасе: пл. Леніна, 2/1, г. Гродна, або на электронны адрас: [email protected].

Чытайце таксама: У суседнім з «Домам з драконамі» будынку на Міцкевіча адкрыюць краму. Праект абмяркуюць


Далучайцеся да тых, хто ўжо нам дапамагае, каб свабодны гарадзенскі голас не замаўчаў! Падтрымайце Hrodna.life данатам!