У Нацыянальным агенцтве па турызме прапануюць распрацаваць экскурсію «Па святынях Воранаўшчыны». Аўтар зможа зарабіць 2820 рублёў, якія заплацяць з рэспубліканскага бюджэту.

Маршрут экскурсіі:

  • Гродна — аг.Тракелі (касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (Маці Божай Тракельскай)),
  • в. Германішкі (Святой Тройцы),
  • г. п. Воранава (касцёл (санктуарый) Божай Міласэрнасці, Царква Святога Аляксандра Неўскага),
  • аг.Канвелішкі (Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса),
  • аг.Беняконі (Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, магіла Марылі Верашчакі),
  • аг.Больцінікі (Сядзібна-паркавы комплекс Путкамераў),
  • в. Восава (Касцёл Святога Георгія),
  • г. п. Радунь (Касцёл Маці Божай Ружанцовай, музей валуноў, ешыва «Хафец Хаім»),
  • в.Нача (касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, магіла Тэадора Нарбута) — Гродна.

Экскурсія павінна быць на рускай мове. Аўтар перадае агенцтву ўсе правы на яе.

Да тэхналагічнай карты і кантрольнага тэксту экскурсіі аўтар павінен падаць дзве рэцэнзіі ад кампетэнтных асоб, каб пацвердзіць правільнасць методыкі і гістарычную дакладнасць фактаў. Экспертам можа быць чалавек з вопытам арганізацыі і правядзення экскурсій не менш за два гады або адмысловымі ведамі ў галіне навукі, культуры, гісторыі, мастацтва.

У Беларусі экскурсаводы могуць працаваць толькі па зацверджаных Нацыянальным агенцтвам па турызме тэкстах экскурсій. Іх часта распрацоўваюць самі гіды і прадаюць правы на іх агенцтву для выкарыстання ў навучанні і атэстацыі іншых экскурсаводаў.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці стала ўдвая менш гідаў-перакладчыкаў. Што адбываецца?