Сілавікі знайшлі чатырох непаўналетніх у Гродне і вобласці, якія распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы. Пра гэта напісана ў матэрыялах УУС Гродзенскага аблвыканкама для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп за кастрычнік 2024 года. Дакумент трапіў у распараджэнне рэдакцыі Telegram-канала «Право имеют».
Тых, хто распаўсюджваў, знайшлі сілавікі падчас маніторынгу інтэрнэту. Па выніках праверак усіх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 19.11 КаАП. Як менавіта падлеткаў пакаралі, невядома.
Таксама падлеткі шкодзілі дзяржаўнай сімволіцы, абражалі ў інтэрнэце Лукашэнку, адпраўлялі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі ў «Беларускі Гаюн».
У тым жа дакуменце сілавікі напісалі, што ў 2024 годзе раскрылі дзейнасць групоўкі «Карательный батальон» «з беларускіх неанацыстаў».
«Указаная група запалохвала і збівала жыхароў раённага горада, планавала забойства прадстаўніка органаў улады і кіравання, а таксама падрыў аб’екта інфраструктуры. Цяпер фігуранты затрыманыя», — напісалі сілавікі.
Публічна пра дзейнасць «Карательного батальона» не паведамлялі.
У 2024 годзе да адміністрацыйнай адказнасці па арт.19.11 КаАП АУС Гродзенскай вобласці прыцягнулі 1557 грамадзян.