З 21 красавіка на маршруце Гродна-Мінск большасць маршрутак заменяць кітайскімі аўтобусамі Zhong Tong. Транспарт закуплялі з канца 2024 года, каб разгрузіць напрамак, які лічыцца адным з самых папулярных у Беларусі. Перавозкамі на новым транспарце будуць займацца некалькі кампаній.

Кошт білетаў не зменіцца

Паміж гарадамі будзе курсіраваць 10 аўтобусаў. Салон аўтобуса ўмяшчае больш за 40 пасажыраў, час у дарозе складзе амаль чатыры гадзіны. За дзень плануецца ажыццяўляць больш за 40 рэйсаў. Інвестыцыі ў кітайскі транспарт склалі $ 1,5 млн.

Кошт квіткоў застанецца ранейшым — квіток на маршрутку ці аўтобус абыйдзецца ў 35 руб., паведамляе Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў.

Начны рэйс і ранняе адпраўленне: колькі аўтобусаў будуць выязджаць з Гродна

Паводле агрэгатара «Атлас», першы аўтобус з Гродна будзе адпраўляцца з вакзала ў 4 раніцы. Наступны — у 5 раніцы. Апошні аўтобус будзе адпраўляцца ў 21:30. Прадугледжаны і начны рэйс — з’ехаць з Гродна ў Мінск можна будзе ў 2 ночы.

Усяго за дзень у адным напрамку будзе ажыццяўляцца 19 аўтобусных і 16 маршрутных рэйсаў.

Не ўсе гродзенцы ацанілі кітайскія аўтобусы

Першыя аўтобусы Zhong Tong з’явіліся на маршруце Гродна-Мінск у снежні 2024 года. Некаторыя гродзенцы, якія паспелі пракаціцца на новым транспарце, засталіся незадаволенымі. Адны адзначалі, што кітайскія аўтобусы цесныя і некамфортныя, іншыя ўзрадаваліся наяўнасці разетак і большай бяспецы, у параўнанні з маршруткамі.