У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра «Новое зрение» на вул. Леніна, 13−3. У 2023 годзе яму забаранілі медычную дзейнасць. Тады ж супраць уладальніка «Нового зрения» і чатырох яго супрацоўнікаў завялі крымінальную справу за нібыта «заробкі ў канвертах», піша Telegram-канал «Право имеют».
Цэннік на памяшканне ў 130 «квадратаў» пачынаецца з 45 100 рублёў. Для ўдзелу ў таргах трэба ўнесці задатак у 10% ад сумы. Таргі пачнуцца 24 красавіка на пляцоўцы «Белюрзабеспячэнне». Орган прымусовага выканання — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама.
Памяшканне знаходзіцца ў будынку, прызнаным матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яно прадаецца без мэблі і абсталявання.
Ёсць абцяжаранні - забарона на рэгістрацыйныя дзеянні судовага выканаўцы. Спачатку трэба атрымаць у судовага выканаўцы дакумент, які пацвярджае адмену забароны, і зарэгістраваць спыненне забароны.
-«Новое зрение» альбо адбяруць, альбо прададуць. У іх, мабыць, стаіць канкрэтная задача — забраць усю ўласнасць прадпрыемства і абсталяванне для нейкага спадара, які будзе стаяць за другой-трэцяй юрыдычнай асобай. Прадпрыемства фактычна скрадзенае. У далейшым той, хто набудзе яго, будзе валодаць крадзенай уласнасцю, — каментаваў Zerkalo.io заснавальнік фірмы Алег Каўрыгін.