У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся «пакой лютасці». Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць напругу і стрэс, ламаючы старыя рэчы і тэхніку. Да гэтага ў Гродне ўжо існавала дзве падобныя «расфігачныя», але абедзве папрацавалі нядоўга.

Наведвальнікі пакоя адчуюць адрэналін, здымуць стрэс і весела правядуць час, паведамляюць у сваім Instagram уладальнікі «Дебошь».

Сярод прадметаў, якія можна разбіць: посуд, бутэлькі і непрацоўная тэхніка. Разбураць рэчы прапануюць кувалдамі, бітамі і малаткамі.

Каб не параніцца падчас мерапрыемства, усім удзельнікам выдаюць амуніцыю — каску, акуляры, касцюм і аднаразовыя пальчаткі. Таксама пры наведванні «пакоя лютасці» наведвальнікаў просяць апранаць закрыты абутак.

Адначасова ў пакоі могуць знаходзіцца ад аднаго да чатырох чалавек. Кошт наведвання залежыць ад працягласці сеансу — 20 хвілін абыдуцца ў 35 руб., паўгадзіны каштуюць 55 руб., 40 хвілін — 90 руб. Гадзіна ў «пакою лютасці» каштуе 150 руб.

Наведаць «Дебошь» без папярэдняга запісу нельга. Уладальнікі просяць звязацца з імі праз Instagram для рэзервацыі пакоя.

Чытайце таксама: У Гродне адкрылася кіберспартыўная прастора з VIP-зонай — па расійскай франшызе

Дзе раней у Гродне можна было зладзіць «Дебошь»

Першая ў Гродне «расфігачная» ці «пакой лютасці» адкрылася амаль 10 гадоў таму — у канцы 2015 года. Але прапрацавала ўсяго некалькі месяцаў. Праз год у іншым месцы адкрылі «пакой лютасці», сумешчаны з каворкінгам, арт-пляцоўкай і барахолкай. Але і гэты праект доўга не пратрымаўся. У апошні раз адкрыць падобны пакой у Гродне паспрабавалі ў 2019 годзе, але і чарговая пляцоўка таксама зачынілася праз пару месяцаў.