Перад Вербнай нядзеляй у касцёле святога Арханёла Міхаіла ў Навагрудку асвяцілі падарунак — абразы святых Пятра і Паўла. Іх аўтар — гродзенскі мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч. Таксама ўрачыста адкрылі новую таемную крыпту.

Абразы Пятра і Паўла асвяціў часовы павераны Ватыкану. Іх паставілі каля алтара. Абразы Сяргей Грыневіч ствараў адмыслова для навагрудскага касцёла ў пачатку 2025 года.

Сяргей Грыневіч — гродзенскі мастак-манументаліст. Выстаўляецца з 1982 года, у міжнародных выставах удзельнічае з 1991 года. Правёў больш за 60 персанальных выстаў па ўсім свеце, удзельнічаў у калектыўных праектах. Работы Грыневіча знаходзяцца ў галерэях ЗША, Бразіліі, Кітая, Швейцарыі, Нідэрландаў, Германіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Францыі. Прыватныя калекцыянеры перапрадаюць яго палотны за дзясяткі тысяч долараў.

Сяргей Грыневіч у час працы
Сяргей Грыневіч у час працы. Крыніца: Facebook мастака

Адну з работ Грыневіча размясцілі таксама ў новай урачыста адкрытай крыпце-капліцы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Урачыстасці ў касцёле ўзначаліў гродзенскі біскуп Уладзімір Гуляй.

У касцёле выставілі і іншыя працы Сяргея Грыневіча, прысвечаныя ўкрыжаванню і зняццю Ісуса Хрыста з крыжа. Сярод іх карціна «Кальварыя» (2024 год), трыпціх Pieta і трыпціх Crucifiction (2013 год).

Год таму ў касцёле адкрылі 400-гадовую крыпту Святога Дамініка і біскупа Віта. Яна стала адной з дзвюх у Беларусі крыптаў, даступных турыстам.

Кляштар дамініканцаў у Навагрудку ў 1624 годзе фундаваў Крыштаф Хадкевіч. У 1724 годзе на месцы першага драўлянага касцёла быў пабудаваны мураваны — які існуе дагэтуль. У кляштары побач з касцёлам дзейнічала школа, якую наведваў у дзяцінстве Адам Міцкевіч.

Чытайце таксама: Пад Навагрудкам расчысцілі руіны адзінага ў Беларусі касцёла ў егіпецкім стылі