У Гродне на вуліцы Дальняй, 17, прадаецца дом з незвычайным інтэр'ерам, які месцамі нагадвае тэатральныя дэкарацыі ці інтэр'еры палаца. Антыкварыят, роспісы, разьбяная мэбля — усё гэта за непрыкметнай агароджай у прыватным сектары ў пару хвілін язды ад цэнтра горада.

Двухпавярховы дом размешчаны ў раёне Палестына (прыватны сектар паміж Томінскім лесам і вуліцай Суворава). Яго пабудавалі ў 1962 годзе і рэканструявалі ў 2015. Агульная плошча будынка —
222,9 кв. м, з іх жылая — 82,8. Другі паверх — мансардны, ёсць балкон з відам на прыватны сектар.

У доме шэсць пакояў і два сумешчаныя санвузлы. Ёсць прасторная гасцёўня з вокнамі да падлогі, гардэробная. Інтэр'ер дома стылізавалі пад еўрапейскую класіку. Высокія столі (3,5 і 2,7 м) з бэлькамі, размаляваныя сцены, масіўная мэбля, вырабленая на замову, вітражы і дэкаратыўныя элементы — дом аформлены як старадаўні асабняк. У інтэр'еры пераважаюць светлыя адценні з зялёнымі і бардовымі акцэнтамі. Падлогі драўляныя.

Унутры — каміны, антыкварныя шафы, шмат дэталяў: падсвечнікі, статуэткі, тэкстыль. На другі паверх вядзе кованая вінтавая лесвіца. Санвузел аформлены пліткай з арнаментам і драпіроўкамі. Прасторы шмат, шмат святла, але інтэр'ер патрабуе ашчаднага стаўлення. Ён пасуе тым, хто цэніць стылізацыю і атмасферу, а не практычнасць.

Над участкам у шэсць сотак папрацаваў ландшафтны дызайнер, уладкаваная і зона адпачынку.

Кошт за дом у аб’яве аб продажы пазначаны як дамоўны. Дом прадаецца ўжо мінімум два гады — тады за яго хацелі $ 700 000.

Чытайце таксама: