Гродзенка Вікторыя паскардзілася ў Threads, што запісацца на прыём да мясцовых артадонтаў амаль немагчыма. Пра гэтую ж праблему гродзенцы паведамлялі і ў лістападзе 2024 года. Тады для вырашэння праблемы з чэргамі ўлады замянілі талоны на адзіную электронную чаргу. Але больш даступнымі медыкі не сталі.
Гродзенцы: «Пашкадуйце здароўе — шукайце ўрачоў у Мінску»
Вікторыя адзначае, што даступных запісаў да прыватных артадонтаў няма нават на 2026 год. «Ор з самай глыбіні душы маёй. Як у гэтым Гродне наогул магчыма запісацца да артадонта», — абураецца гродзенка.
У каментарах карыстальніца Кацярына дадае, што запіс у прыватную гродзенскую клініку «Ортодент» ажыццяўляюць толькі ў першы тыдзень студзеня. «Яны набіраюць пэўную колькасць людзей на год і больш нікога не запісваюць. Таксама не магла доўга запісацца, пакуль не даведалася», — піша дзяўчына.
Вольга ўвогуле раіць «пашкадаваць здароўе» і запісацца на прыём да спецыяліста ў Мінску.
Паўгода таму ад талонаў вырашылі адмовіцца — але чэргі засталіся
У лістападзе 2024 года, пасля таго як у сацсетках гродзенцы сталі скардзіцца на вялікія чэргі да артадонтаў, мясцовыя ўлады ўвялі адзіную электронную чаргу. Яна павінна была замяніць талоны да лекараў у дзяржаўных клініках. Планавалася, што пацыентаў будуць уносіць у ліст чакання, а па меры прасоўвання чаргі запрашаць на прыём.
Такую сістэму запісу рэалізавалі для дзіцячых урачоў-артадонтаў. Цяпер запісацца да спецыяліста можна ў рэгістратуры пры наяўнасці накіравання ад стаматолага.
З-за новай сістэмы запісацца да артадонта праз дзяржаўны сайт talon.by не атрымаецца.
Няма даступных медыкаў, форма для запісу не працуе: як у Гродне патрапіць да артадонта
Акрамя дзяржаўнай медыцыны ў Гродне таксама працуюць два філіялы прыватнай клінікі «Лодэ». Згодна з сайтам медцэнтра, на Паліграфістаў, 2 прыём ажыццяўляе адзін стаматолаг-артадонт. Лекар аказвае паслугі і дзіцячым, і дарослым пацыентам — спецыялізуецца на ўстаноўцы брекет-сістэм.
Праўда, пры спробе запісацца на прыём сайт «Лодэ» пачынае віснуць і не паказвае даступных слотаў. Пры спробе запісу да лекараў іншага профіля такой праблемы не ўзнікае.
Агулам прыватных клінік у Гродне, па інфармацыі 103.by, чатыры ўрача-артадонта, якія працуюць у трох медцэнтрах. Акрамя «Лодэ» гэта «Ортодент» і «Левкомед».
Сітуацыя з артадонтам пагаршаецца апошнія два гады ва ўсіх гарадах Беларусі, акрамя Мінска. Асноўнай прычынай з’яўляецца эміграцыя ўрачоў. Калі раней чакаць прыёму можна было паўгода, то зараз чарга расцягваецца на год.
Чытайце таксама: У Гродне сканчваюцца стаматолагі-артадонты. Чакаць чаргі трэба паўгады і больш