Былыя яслі на Васілька, 5, дзе раней хацелі адкрыць сацыяльны цэнтр, перабудуюць пад шматкватэрны малапавярховы жылы дом. Мансардны паверх зробяць жылым, дом пашыраць, а ў падвале адкрыюць трэнажорную залу.
Пасля рэканструкцыі ў доме будзе шэсць кватэр свабоднай планіроўкі. Мяркуючы па праекце, замест аднапавярховай прыбудовы справа дабудуюць яшчэ частку будынка. У падземным паверсе размесцяць тэхнічныя памяшканні і трэнажорную залу. Агульная плошча будынка складзе 460,7 кв. м.
Побач будуць два гаспадарчыя бытавыя блокі. Там размесцяць халодныя каморы для жыхароў, дзе яны змогуць захоўваць маёмасць, камору для прыбіральнага інвентара, і кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў.

Участак размешчаны паміж вуліцай Васілька, генконсульствам Літвы і жылымі дамамі. Будаўнічыя працы зоймуць тэрыторыю да 0,5 га. Цяпер частка вонкавых сцен, перагародак, канструкцый і даху знаходзяцца ў незадавальняльным стане.
У планах па рэканструкцыі будынка таксама:
- уладкаванне паркоўкі на 10 машына-месцаў з боку вуліцы Паўлоўскага (першапачаткова дадатковай паркоўкі рабіць не збіраліся);
- добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і ўладкаванне зоны адпачынку з боку вуліцы Васілька;
- уладкаванне малых архітэктурных формаў;
- знос зялёных насаджэнняў, якія трапляюць у мяжу працаў;
- аднаўленне пакрыццяў і газона пасля пракладкі інжынерных сетак.
Сам будынак не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна». Больш за сто гадоў таму ён належаў мяшчаніну Парфёненку і ўпамінаўся ўжо ў 1907 годзе. Згодна з апісаннем забудовы Гродна 1924 года, валоданне пад нумарам № 5 уключала цагляны будынак дома і аднапавярховае цаглянае гаспадарчае памяшканне.

Грамадскія абмеркаванні
Справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе рэканструкцыі будынка выставяць на грамадскія абмеркаванні. Яны пройдуць з 9 красавіка па 9 траўня 2025 года. Азнаёміцца з дакументамі можна:
- на афіцыйным сайце Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта («Гарадская гаспадарка» — «Грамадскія абмеркаванні»), начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Дзяніс Раманавіч Конан: (80 152) 62−69−93, e-mail: [email protected]
- у праекціроўшчыкаў - ТАА «Інтэлсток інжынірынг» (230 001, г. Гродна, вул. Лелявеля, д. 46), галоўны інжынер праекта Вадзім Уладзіміравіч Жук: (8−029) 7−015−015; e-mail: [email protected];
- у замоўцы працаў ТАА «СпектрІнвестГруп» (231 761, Гродзенскі р-н, г. Скідзель, вул. Пралетарская, 20В), дырэктар Юрый Аляксандравіч Каськевіч: (8−0152) 47−47−47; e-mail: [email protected].
Заўвагі і прапановы прымаюць ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама і ТАА «Інтэлсток інжынірынг». Сход правядуць толькі пры патрабаванні гараджан. Для гэтага на працягу 10 рабочых дзён з даты пачатку грамадскіх абмеркаванняў трэба напісаць заяву аб яго неабходнасці ў адрас Гродзенскага гарвыканкама.
Чытайце таксама: Будаўніцтва мікрараёна Панямонь пачнецца восенню 2025 года