У Гродне на Віленскай, 37 адкрыўся новы буцік-гатэль і рэстаран The Cult – і выклікаў неадназначную рэакцыю праз цэны. Гатэль адкрыла гродзенская дызайнерка адзення Ірына Званко разам з мужам.
“Ён выглядае, як ажыўшая карцінка з Pinterest”, – кажа ў TikTok блогерка Алеся Баклага. Яна адзначыла якасны сэрвіс, вялікую колькасць жывых кветак і незвычайную мэблю. У кожным нумары ёсць міні-бар, кавамашына, індывідуальная сістэма кандыцыянавання і “сучасныя дэвайсы”. Таксама ў нумарах ёсць выхады на маленькія французскія балконы. Блогерка раіць у гатэлі не толькі адпачываць, але і ладзіць фотасесіі і зборы на вяселле.


Усяго ў гатэлі 10 нумароў з розным афармленнем плошчай ад 23 да 44 кв.м. Ёсць нумары з працоўнымі зонамі, прасторнымі ваннымі. На запыт могуць прапанаваць дзіцячыя ложкі і крэслы. Цэны – 450-700 рублёў за ноч. Для параўнання, ноч у нумары апарт-гатэля “У Грушы” з пяці нумароў каштуе 180 рублёў, у гасцініцы “Славія” ў розных філіялах – 130-330 рублёў, у апарт-гатэлі “Семашка” ў розныя даты – 270-550 рублёў, у “Кронан парк гатэлі” – 500-1050 рублёў.









Гаспадыня: “У Мінску ўсё стыльна, у Гродне – штампавана”
Гаспадыні гатэля Ірыне Званко ў Гродне не хапае стыльнай установы. “У Мінску ты заходзіш – і ўсё такое стыльнае, прадуманае, адпрацаванае з дызайнерамі. А ў Гродне – усё нейкае як кланаванае”, – лічыць яна. Ідэі для свайго гатэля Ірына з мужам Аляксандрам збіралі падчас падарожжаў, у гатэлях прэміум- і мідл-сегмента.
Вэнджаная смятана і ледзяная рыба на вуглях
Першы паверх гатэля заняў рэстаран з адкрытай кухняй, дзе можна назіраць за працэсам прыгатавання страў. У меню – абшырная вінная карта і нетрывіяльныя стравы. Закускі каштуюць ад 25 да 55 рублёў. Сярод іх прапануюць крудо з тунца з манга і чылі (35 рублёў), камчацкага краба з капустай пак-чой і соусам шампань (55 рублёў), тартар з ялавічыны з мусам з пармезану і вэнджаным жаўтком (30 рублёў), карпачо з ялавічыны з вэнджанай смятанай, грыбным мусам і чырвонай ікрой (35 рублёў). У спісе салатаў (25-37 рублёў) – салата з томленай качкай, манга, апельсінам і страчатэлай. Гарачыя стравы каштуюць 29-45 рублёў: ледзяная рыба на вуглях з цукіні і соусам альфрэда, міньён з свініны з пюрэ з белай фасолі і антонаўскіх яблыкаў, фаршыраваная перапёлка з орзата, стэйк рыбай з грыбамі эрынгамі і перцавым соусам і іншыя.
На сняданкі падаюць круасаны з начынкай, блінчыкі і дранікі, тосты і сырнікі, кашы. Ёсць і супы (25 рублёў), і дэсерты (20 рублёў).
“Кошты для Венецыі”
Хоць у рэстаране было шмат людзей, замову блогеркі прынеслі хутка. Праўда, прайс “вышэй за сярэдні”, прызнае дзяўчына. За равіёлі з крабам, ваду і апельсінавы нектар яна заплаціла 64 рублі, пры гэтым 15 рублёў каштавала вада. Каментатараў гэта шакавала, як уразілі і кошты на нумары.



“Даю год гэтай установе, у нас людзі столькі не зарабляюць, каб аддаваць столькі”, – упэўнены matveyF.
“На жаль, можа туды і ўкладзена шмат грошай, але цэны не адпавядаюць рэальнасці, гэта ўсё ж такі Гродна, а не Венецыя, і тое.. нават у Венецыі мала хто гатовы плаціць такія грошы за нумар”, – адзначае Zoddy.
“Сімпатычная ўстанова, калі б межы былі адкрыты, яна была б да месца…”
“Цэннік вядома ахавы 😳 але для турыстаў ад цэнтра далёка, яны туды не ходзяць. А так разлічана на іх у большасці, я думаю”, – лічыць anastasia_kulesh.
Дызайн інтэр’ераў выклікаў рознагалоссі. “Дызайн быццам для людзей з парушанай псіхікай” і “смешны дызайн”, – напісалі пра яго каментатары ў TikTok. Былі тыя, каму спадабалася: “Як прыгожа! Хачу туды!”, – напісала карыстальніца llona.ikona. У Instagram Ірыны Званко захопленых водгукаў значна больш: “Стварыць такое месца, далёка не кожны зможа, гэта проста ракета🚀а нумары гэта асобны від раскошы”, “Проста one love ❤️❤️❤️❤️ так прыгожа!! Дух захапляе”, “Дзякуй, што насычаеце наш горад такімі прыгожымі аб’ектамі”. Адна з каментатарак піша, што ўпершыню наведае Гродна дзеля гатэля. “Я ўпэўнена хутка і Мішлен будзе ваш”, – лічыць другая.
Гатэль на месцы гістарычнага дома
Гатэль адкрыўся на месцы гістарычнага будынка 1900 года пабудовы, вядомага ў Гродне як “Дом Лютэка” (дом Ярмолавіча). Двухпавярховы, атынкаваны, вузкі будынак на высокім цокалі, з карнізам і дэкаратыўным міжпавярховым поясам, высокім арачным праездам з пілястрамі прадалі ў 2019 годзе. Будынак не меў статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У першапачатковым праекце было аднаўленне дома ў тых жа габарытах, планавалі дадаць дзве прыбудовы — з боку галоўнага фасада і да дваровага, гарышча перабудаваць у мансардны паверх. Будоўлю пачалі ў 2021 г. – і першапачатковы дом цалкам знеслі. У выніку будынак цалкам перабудавалі, і ён страціў характэрныя рысы.


“На год максімум, а знеслі каштоўнасць😢дзеля таго каб людзі паспалі і паелі (( сум”, – шкадуе Вікторыя ў каментарах да роліка пра гатэль.


