Гродзенка Ганна лічыць, што самую смачную піцу ў горадзе гатуюць ва ўстанове «Мука і вада» ў Каробчыцах. Сваім меркаваннем дзяўчына падзялілася ў TikTok і выклікала хвалю абмеркаванняў. Адны каментатары сталі пералічваць любімыя піцэрыі, іншыя адзначылі, што дастойнай піцы ў Гродне не знайсці.

«Самая смачная піца ў Гродне знаходзіцца за рысай горада. Гэта рэальна самая смачная піца, я нешта падобнае ела толькі ў Італіі. Нідзе ў Гродне нічога падобнага не робяць, каштуе ад 20 бунаў», — распавяла у відэа Ганна.

Любімая піцэрыя гродзенкі - «Мука і вада» — знаходзіцца ў Каробчыцах на вуліцы Заранкавая, 1. Установа спецыялізуецца на італьянскай піцы — у адрозненне ад амерыканскай цеста там танчэй, а інгрэдыентаў для начыння менш.

У кафэ прапануюць 11 відаў піцы коштам ад 20 да 30 руб. Таксама ва ўстанове гатуюць бургеры, хот-догі і шаурму.

Ганна дадае, што кафэ пакуль не ажыццяўляе дастаўку па Гродне, таму што не спраўляецца з замовамі ад мясцовых.

Гродзенцы: «Узровень піцы ў Гродне сярэдні»

У каментарах меркаванні гродзенцаў раздзяліліся. Адны лічаць, што ў «Мука і вада» далёка не самая смачная піца. Іншыя адзначаюць, што ў горадзе ў прынцыпе няма ўстаноў з якаснай піцай.

«Самая лепшая піца ў Путрышках», — піша jek.

«100% там самая лепшая піца», — пагаджаецца _alllien666_.

Гродзенцы кажуць пра фуд-трак — кухары гатуюць піцу ў спецыяльнай драўлянай печы. Знаходзіцца ўстанова на вуліцы Тарханава, 39А.

«У Pizza Play таксама вельмі добрыя піцы», — узгадвае ўстанову на Лідскай, 34 карыстальнік пад нікам shyman32.

«Асабіста для мяне „Форно“ зэ бэст», — вылучае піцэрыю на Трудавой, 1А Grambe.

«Самая смачная ў кафэ Food&Beer на Ліможа», — лічыць мурашка.

«Нажаль, з піцай гэтак жа як і з шаурмой у Гродне — узровень сярэдні. Да італьянскай больш за ўсё падобная на Горкага ля сэканда. З шаурмой усё дрэнна, нават нельга вылучыць», — адзначае Женёк.

«Пасля сыходу піцэрыі „Тата Джонс“ — усё дзярмо», — піша KingsmanUSA.

Чытайце таксама: Гродзенцы назвалі любімыя шаўрмічныя горада