Беларусы стварылі мастацкую 3D-рэканструкцыю Крэўскага замка, у якой візуалізавалі магчымы від крэпасці з трыма вежамі. Мадэль зроблена ў рэжыме дапоўненай рэальнасці - паглядзець на замак можна з любой прылады.

«Гэта прыкладная, але наглядная візуалізацыя таго, якім замак мог быць у мінулым», — распавяла у сваім Facebook адна са стваральніц мадэлі, дыджытал-спецыялістка Алеся Пархоменка.

Як у замка з’явілася трэцяя вежа?

Падмурак трэцяй вежы Крэўскага замка выявілі у ліпені 2023 года. На вядомых раней археолагам выявах, планах і апісаннях трэцяя вежа не згадвалася.

Знаходку закансервавалі, а спецыялісты, якія вялі археалагічныя раскопкі, прыйшлі да высновы, што структура замка была больш складанай, чым меркавалася раней.

У студзені 2025 года кіраўнік раскопак Алег Дзярновіч паведаміў, што даследаванні па трэцяй вежы замка ўсё ж такі будуць праводзіцца. Ужо ў канцы лютага 2025 археолаг распавёў, што пад заваламі быў знойдзены заходні кут трэцяй вежы.

Руіны Крэўскага замка прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння. Гэта адзін са старажытных замкаў на тэрыторыі былога ВКЛ.

Чытайце таксама: У Крэўскім замку раскапалі трэцюю вежу. Але не ўсе гісторыкі ўзрадаваліся