Браты Клапацюкі ператварылі будынак фермы ў Свіслацкім раёне ў сучасную рыбную гаспадарку. У старым кароўніку ў вёсцы Малая Калоная Юрый і Валерый пабудавалі больш за 20 бетонных басейнаў па 50 кубаметраў кожны, і запусцілі гаспадарку «Forriver».
Цяпер у вадзе плавае 30 тон рыбы, а вытворчая магутнасць прадпрыемства разлічана на 100 тон на год. Назву выбралі ад «for» — скарочана фарэль і «river» — рака.

Ад ідэі да справы — 6 гадоў
Рашэнне заняцца рыбаводствам прыйшло хутка, але на рэалізацыю сышло больш за шэсць гадоў. Браты вывучалі тэхналогіі ў Даніі, Швецыі і Германіі, а будоўлю вялі сваімі сіламі. Афіцыйна ТАА «Forriver» адкрылася ў 2024 годзе, але пакуль прадпрымальнікі толькі інвестуюць у бізнес — продажу рыбы яшчэ няма.
«Мы адкрываліся з асцярожнасцю. Не рабілі ніякіх гучных аб’яваў, пакуль не пераканаліся, што ў нас усё атрымліваецца. Мы разумеем, што знайсці пакупнікоў у бізнесе — гэта заўсёды складаная задача, і не спяшаемся з продажамі. Першапачаткова планавалі рэалізоўваць парцыённую рыбу вагой 350−400 грамаў, але зараз сканцэнтраваныя на вырошчванні», — распавёў Валерый.
Кілаграмовая фарэль можа падрастаць да 17 месяцаў. Такой вагі рыбы браты спадзяюцца дачакацца да лета. Цяпер самая вялікая фарэль у гаспадарцы дасягае 400 грамаў.
Рыба пад кантролем 24/7
Каб фарэль расла ў аптымальных умовах, у гаспадарцы выкарыстоўваюць замкнёны цыкл водазабеспячэння. Вада паступае ў басейны, ачышчаецца і зноў вяртаецца. Гэты працэс паўтараецца 2−3 разы на гадзіну.

За вытворчасцю і паказчыкамі трэба сачыць кругласутачна, без выхадных. Тэмпература вады павінна быць 10−14 градусаў, кісларод — 80−90%, pH — 7,5. Калі рыба млявая або неахвотна есць — гэта кажа пра недахоп кіслароду або кепскую якасць вады, растлумачыў Юрый Клапацюк.
Фарэль кормяць кожныя 2−3 гадзіны ў залежнасці ад памеру, а запас імпартнага корму цяпер складае 10 тон. У будучыні прадпрымальнікі плануюць перайсці на беларускія аналагі.
Што далей?
Пакуль фарэль расце, браты плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыю. Ім хочацца, каб гаспадарка выглядала прывабна для будучых кліентаў. «Калі крама выглядае прыгожа, то пакупніку адразу хочацца ў яе зайсці», — дзеліцца Юрый.
Адзін з самых бедных раёнаў
Свіслацкі раён у 2024 годзе аказаўся адным з самых бедных у Гродзенскай вобласці. І да таго тры гады запар там фіксавалі адзін з самых нізкіх узроўняў заробкаў у вобласці. У першым паўгоддзі 2024 года сярэдняя зарплата там склала 1613 руб. Ніжэй у Гродзенскай вобласці зарплата была толькі ў Іўеўскім раёне (1463 руб.).
Праблему з недахопам кадраў у раёне агучвалі восенню 2024 года. Больш за ўсё людзей тады сышло са Свіслацкай цэнтральнай раённай бальніцы і камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Свіслацкая сельгастэхніка». Некаторыя работнікі нядоўга працавалі ў адной гаспадарцы, потым пераходзілі ў другую, трэцюю, прыносячы страты. Паўтара года таму Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС па Свіслачы шукала чатырох ратавальнікаў-пажарных — фактычна, цэлую змену. Суразмоўца Hrodna.life, знаёмы з інстанцыяй, тады меркаваў, што работнікі сыходзяць з-за маленькай зарплаты.
Чытайце таксама: Гродзенская «табачка» хоча разводзіць фарэль