«Бровар Кунца» — такая назва з’явілася ў Instagram-профілі, прысвечаным рэканструкцыі комплексу былога гродзенскага піўзавода і палаца Агінскіх. Апублікавалі і рэндэры для гістарычнага будынка.



Новую назву для адроджанага комплексу былога піўзавода вырашылі пашукаць у канцы 2014 года. Для гэтага кампанія-інвестар збірала варыянты ад гродзенцаў на сайце піўзавода.
Хутка паставяць флюгер
Цяпер будаўніцтва завершана на 75%. Канчатковы выгляд комплексу стане вядомы толькі пасля ўзгаднення ўсіх дэталей з адпаведнымі інстанцыямі, удакладнілі на ТРК «Гродно». Будаўнікі заканчваюць мантаж даху, а таксама заліваюць падпорныя сценкі і ліфтавыя шахты, з дапамогай якіх звяжуць унутраны дворык піўзавода з вуліцай Заводскай. Пасля спецыялісты плануюць прыступіць да мантажу флюгера і добраўпарадкавання тэрыторый. Унутраны дворык добраўпарадкуюць, а ад набярэжнай Нёмана да тэрыторыі комплексу зробяць бясшвоўны пераход.
У будынку размесцяць аўтэнтычную піваварню і захаваюць гістарычны антураж. Там пакажуць знойдзеныя падчас рэканструкцыі артэфакты: старыя бутэлькі, кегі, этыкеткі ад піва.
Прастору завода злучаць з набярэжнай Нёмана. У бліжэйшы час на будынку ўсталююць флюгер. Асноўныя работы плануюць закончыць да канца 2025 года. Новы інвестар пачаў рэканструкцыю восенню 2021 года. Пасля пачатку работ праект змянілі, але на карысць спадчыны. З-за гэтага тэрміны будаўніцтва істотна зрушылі.