Гродзенка Аліна Алдошына адбывае тэрмін у непальскай турме за спробу перавезці 6 кг какаіну. Пасля таго як беларускія медыі звярнулі ўвагу на яе турэмны блог, дзяўчына выдаліла з сацсетак публікацыі, звязаныя з турэмным побытам.

Аб умовах утрымання ў непальскай турме Алдошына распавядала спачатку ў Threads, а затым у Telegram-канале «Узница Непала». Тыдзень таму гродзенка апублікавала ў Threads пост, у якім паведаміла, што пакуль не будзе весці канал. У каментарах Алдошына дадала, што будзе на сувязі, але «без турэмнага кантэнту».

«Я не хачу, каб згадка пра маю сям’ю была ў СМІ ў РБ», — дадала гродзенка.

Telegram-канал «Узница Непала» у адкрытым доступе праіснаваў суткі - пасля Алдошына схавала кантэнт. Instagram-акаўнт гродзенкі актыўны, аднак скрыты ад карыстальнікаў, якія на яе не падпісаны.

Дачка гродзенскага сілавіка закрыла свой блог з непальскай турмы - не хоча, каб беларускія СМІ згадвалі яе сям'ю
Закрыты Instagram Алдашынай. Скрыншот Hrodna.life

За што сядзіць Алдошына

У 2019 годзе дачку тагачаснага першага намесніка начальніка міліцыі Ленінскага раёна Гродна Аляксея Алдошына арыштавалі ў аэрапорце Катманду з 6 кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовай куртцы. Разам з ёй быў затрыманы яе сябар Павел Васільеў.

Какаін знайшлі падчас агляду багажу беларусаў у аэрапорце. Маладыя людзі прыляцелі з Турцыі і ў той жа дзень павінны былі сесці ў самалёт на Ганконг.

Як сцвярджалі Аліна і Павел, пра какаін яны нават не здагадваліся, думалі, што ў куртках штосьці іншае. А на перавозку куртак пагадзіліся, бо хацелі хутка зарабіць грошай.

На допыце ў паліцыі беларусы расказалі, што тавар ім перадалі двое грамадзян Балівіі падчас сустрэчы ў гатэлі. Гродзенцам абяцалі за працу $ 2000.

За кантрабанду наркотыкаў яны атрымалі па 15 гадоў зняволення.

Чытайце таксама: Што Алдошына паспела распавесці пра жыццё ў непальскай турме