У Threads у беларусаў узнікла спрэчка з-за кошту цюльпанаў напярэдадні 8 сакавіка. Адны лічаць, што 4 рублі за кветку — дорага. Іншыя адзначаюць, што праблема ў санкцыях. Hrodna.life вывучыў меркаванні беларусаў.
Беларуска Юлія апублікавала пост у Threads, у якім абурылася коштам на цюльпаны. «Вы бачылі кошты? 4−5 руб за адзін цюльпан, гэта што такое?» — пацікавілася дзяўчына.
На кошт кветак паўплывалі санкцыі і абмежаванні ў гандлі
У каментарах Марына тлумачыць, што для якасных кветак патрэбны цыбуліны з Галандыі, якія закупляюцца загадзя. Беларуска дадае, што на высокі кошт цюльпанаў уплывае растаможка на ўвоз у краіну, а таксама абавязковыя суправаджальныя дакументы. «І не забывайце чытаць навіны, сёлета фізічным асобам прадаваць цюльпаны без дакументаў і дазволу нельга. А купіць цюльпан пад дакументы можна, але дорага. Адсюль і кошт», — піша Марына.
У студзені 2025 года ўлады ўвялі новае абмежаванне на гандаль кветкамі. Цяпер фізічныя асобы могуць прадаваць кветкі толькі пры наяўнасці даведкі. Дакумент пацвярджае, што тавар вырошчваўся на тэрыторыі Беларусі.
Таксама фізічныя асобы павінны выплачваць адзіны падатак або падатак на прафесійны даход. З лютага 2025 года адзіны падатак склаў 162 руб. Калі кветкі прадаюць менш за 15 дзён, то падатак складае 81 руб.
Карыстальнік пад нікам janush_lindstrom расказвае, што вырошчвае цюльпаны на продаж. Выніковы кошт кветкі складае 4,5 руб. «Імпартуем цыбуліны з Галандыі, сёлета з-за санкцыяў было вельмі цяжка. Цюльпаны патрабуюць шмат вады і яшчэ больш — электрычнасці. Ставіць кошт менш — працаваць у страту. Вялікія цяпліцы могуць трымаць нізкі кошт чыста з-за эфекту маштабу. У нас толькі 10 000 кветак і вырошчваем у падвале сваімі сіламі. А яшчэ яны часта эканомяць на цыбулінах, я прама бачу як з Пінска ўсякую дэшманскую херню возяць. Яны яшчэ і за месяц іх зразаюць», — распавядае беларус.
Па тэме: Гродзенцы вырасцілі 15 тысяч цюльпанаў на другім паверсе свайго дома
У Польшчы цюльпаны ў 5 разоў таннейшыя, чым у Беларусі
Юлія вырашыла параўнаць кошт цюльпанаў у Польшчы і Беларусі. Па словах дзяўчыны, у польскай сетцы Biedronka яна купіла адну кветку за 0,70 кап. Пры замове кветак у Беларусі Юлія аддала 3,5 руб. за штуку. «Так што гэта ніфіга не танна. Гэта не кошт цюльпанаў», — лічыць дзяўчына.
Майя не разумее, чаму пакупнікі лічаць, што «кветкі павінны каштаваць капейкі». «За букет 3 — 5 штук — ад 12 да 25 рублёў. Абед у звычайнай сталоўцы — ад 12 да 25, кубачак кавы 7, торцік 20, манікюр 70. Пытанне: чаму ў большасці з нашых суайчыннікаў сядзіць шкадоба за кветкі аддаць 20 руб, а за торцік — норм?» — цікавіцца беларуска.
Марыя ўзяла 3 піянавідных цюльпана за 15 руб. Па словах дзяўчыны, грошай ёй не шкада — цяпер яна любуецца кветкамі.
Чытайце таксама: Ад 3,5 да 132 руб. Колькі каштуюць цюльпаны да 8 сакавіка ў Гродне?