Былы палітвязень і гродзенскі блогер Вадзім Ермашук павінен пакінуць шэлтар 28 лютага. Блогер не паспеў знайсці здымнае жыллё, таксама ў хуткім часе яго чакае аперацыя, пасля якой мужчына паўгода не зможа займацца цяжкай фізічнай працай. Кіраўнікі фонду By_Help, якія курыруюць пражыванне ў шэлтары, у размове с «Нашай Нівай» адзначылі, што працягваць арэнду для Вадзімаці не будуць.

Ермашука некалькі разоў папярэджвалі, што дапамагаць яму не будуць

Вадзімаці жыве ў варшаўскім шэлтары ад фонду By_Help роўна тры месяцы — 28 лютага ён павінен з’ехаць на новае жыллё. Але зняць яго, як кажа Ермашук, аказалася не так проста.

Былы палітвязень адзначае, што гаспадары кватэр ставяцца да яго насцярожана і адмаўляюць у арэндзе жылля: пакуль у мужчыны няма ні афіцыйнай працы, ні пашпарта, бо ён у працэсе легалізацыі.

Блогеру таксама адмовілі ў падаўжэнні арэнды пакоя ў шэлтары. Прычына такіх адносін у тым, што ён адкрыта выказвае свае патрэбнасці, лічыць Вадзім.

—Я проста патрабаваў і прасіў тое, што, я лічу, яны павінны зрабіць. Лічу, што ўся дапамога павінна быць для палітвязняў, тых, хто адседзеў. Мяне тры гады не было [на волі], я вымушана эміграваў. Калі мы там сядзелі, мы думалі, што тут усё прадумана, ідзе падтрымка, а атрымалася наадварот.

Так разумею, фонду не падабаецца, як я з імі размаўляю. Мне ўвесь час рабілі заўвагі, маўляў, кажыце на «вы». Я ж не ведаю, з кім там размаўляю, магу напісаць «прывітанне». Мне 5−6 разоў казалі, што хутка спыняць са мной камунікацыю і не будуць мне дапамагаць, — распавядае блогер.

Раней фонды дапамаглі блогеру з некаторымі выдаткамі

Ермашук тлумачыць, што пасля вызвалення быў у цяжкім псіхічным стане, зараз ён працуе з псіхолагам і п’е антыдэпрэсанты. Спачатку ён меў зносіны з фондамі праз пасярэдніцу, але тыя настаялі, каб камунікацыя вялася напрамую.

— Я быў псіхалагічна няўстойлівы, мог паслаць на тры літары. Цяпер я магу сабраць думкі і казаць, а раней я проста псіхаваў. Адносіны былі вельмі складаныя, мяне не чулі. Шмат разоў пісаў ім, што мне зараз складана камунікаваць, не разумеў розных рэчаў.

Вадзім кажа, што цяпер ён жыве ў пакоі, які да яго пераезду туды стаяў пусты паўтара месяца, то бок вольныя месцы ў шэлтары ёсць. Нават калі б іх не было, мужчына згодзен спаць у калідоры ці на канапе ў холе шэлтара. Ён расказвае пра выпадак, калі адзін з пастаяльцаў не паспеў своечасова зняць кватэру, і яму дазволілі пажыць там на месяц даўжэй. Па словах Вадзімаці, гэта не адзіны падобны прыклад.

Блогер адзначае, што фонды дапамаглі яму з пэўнымі выдаткамі на рэабілітацыю, але пры гэтым апісвае ўзаемадзеянне з імі як «адзін спіхвае на іншага».

Ужо ў Польшчы высветлілася, што Вадзіму трэба рабіць аперацыю з пахвіннай грыжай, і з-за гэтага каля паўгода ён не зможа займацца цяжкай фізічнай працай.

Блогер адзначае, што шмат хто з былых палітвязняў адчувае: за мяжой яны нікому не патрэбныя.

— Мне крыўдна, што я аддаў усё: любімую справу, любімы блог, кватэру. Я страціў усё. Цяпер папрасіў пажыць адзін месяц, а яны… Я ж не нахабнічаю і не прашу жыць год, праўда? Мяркую, гэта непрымальна.

Калі мы просім дапамогі, гэта не сорамна, хаця людзі пра гэта забываюцца. Прасіць — гэта не сорамна, маўчаць — вось гэта сорамна.

Цяпер і сам Вадзім, і яго сябры шукаюць для яго кватэру.

Па тэме: «Паходу я раблюся бамжом». У блогера Vadimati арэставалі маёмасць у Беларусі

By_Help: Ермашук павінен з’ехаць — ён ведаў пра гэта загадзя

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да кіраўніка фонду By_Help Аляксею Лявончыка.

Лявончык адзначае, што звычайна былыя палітвязні жывуць у шэлтары два месяцы, бо пакоі карыстаюцца вялікім попытам. Вадзім пражыў у шэлтары на месяц даўжэй, то бок яму якраз пайшлі насустрач з-за яго сітуацыі. 28 лютага Ермашук павінен выехаць з шэлтара, і пра гэтую дату, кажа Лявончык, блогер ведаў яшчэ ў снежні.

Аляксей абвяргае, што ў шэлтары жывуць даўжэй за тэрмін, пра які кажа Вадзім — маўляў, гаворка заўсёды пра 2−3 месяцы пражывання. Што да ідэі Вадзіма жыць хаця б у калідоры, Лявончык кажа, што гэта было б парушэннем абавязацельстваў перад уладальнікамі дома, дзе размяшчаецца шэлтар, і гэта прапісана ў адпаведным дагаворы з імі.

Вадзім даўно ведаў пра аперацыю, кажа Аляксей, і мог да гэтага падрыхтавацца. Лявончык дадае, што сваімі дзеяннямі Ермашук парушае падпісаную дамову аб невыдаванні аспектаў лячэння і пражывання.

Чытайце таксама: