У лютым як мінімум 23 “хімікам” Гродзенскай вобласці, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, спрабавалі ўзмацніць пакаранне. Гэта стала вядома з раскладу судоў аб замене абмежавання волі з накіраваннем або без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прадстаўніца юрыдычнай дапамогі “Вясны” распавяла, з чым гэта можа быць звязана.

Пакаранні замяняюць, калі “хімік” парушае парадак яго адбыцця. Дастаткова трох такіх “парушэнняў”. Аб замене пакаранняў у Мінску і вобласці “Вясна” заўважыла яшчэ ў верасні 2024 года.

“Логіка рэпрэсій, накіраваных на асуджаных да хатняй хіміі, мае аднолькавы характар з рэпрэсіямі супраць іншых палітвязняў. Правы людзей у такім становішчы пастаянна парушаюцца, а абараніць іх на ўзроўні дзяржавы немагчыма”, – пісала тады “Вясна”.

У тым ліку ў Гродзенскай вобласці прайшлі суды аб замене пакарання “хімікам”, якія пакінулі Беларусь. Напрыклад, над медыятарам Мікалаем Хацяновічам або экс-загадчыцай кавярні «Хотфікс» Інай Шырокай. Экспертка “Вясны” лічыць, што гэта адзін са спосабаў націснуць на палітэмігрантаў. Хоць іх таксама могуць абвясціць у вышук.

“Сапраўды, ёсць выпадкі, калі судовыя паседжанні па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі праводзіліся ў дачыненні да тых, хто за мяжой, – пракаментавала экспертка. Яна прыводзіць у прыклад людзей, якія пасля СІЗА з’язджалі з Беларусі. – У такой сітуацыі амаль адзіная мера ўздзеяння на чалавека з боку ўладаў – замяніць пакаранне на больш жорсткае, на пазбаўленне волі. 

Калі чалавек на хатняй хіміі парушае парадак адбывання пакарання, магчыма што было б лагічна пераводзіць яго на абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўчую ўстанову. Але ж у крымінальным заканадаўстве такой прамежкавай меры няма, прадпісана, што адразу на пазбаўленне волі”.