Выставу прывезлі з расійскага Бранска. Яе прысвяцілі сваячкам вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі Расіі ва Украіне.

У Расіі выставу вазілі па розных гарадах, праект набыў “федэральныя маштабы”. У Гродна яе прывёз і размясціў у сябе “Рускі дом” – арганізацыя, якая прасоўвае каштоўнасці сучаснай Расіі.

На фота – жонкі, сёстры і маці салдат з Расіі, якія ваююць ва Украіне. Усе жанчыны сфатаграфаваны ў накінутых на іх кіцелях, або трымаюць іх у руках. Побач з партрэтамі надрукаваныя фразы жанчын, намаляваных на іх, з лістоў да іх мужоў і сыноў, сказана на загалоўным стэндзе. Выстава складаецца з 38 партрэтаў. Кожнае фота падпісана як “[Імя], жонка Героя”, “[Імя], маці Героя”, “[Імя], сястра Героя”. “Хочацца верыць, што мы сустрэнемся там”, “Я гучна буду несці памяць пра цябе”, “З тваім сыходам на абарону Айчыны мой свет змяніўся”, “Перамога будзе za намі” – такія фразы сустракаюцца ў нібыта цытатах пад фота. Амаль у кожнай называюць “героем”, і ўсюды гэтае слова напісана толькі з вялікай літары.

Выстава працягнецца да 7 сакавіка.

Чытайце таксама: Рускі дом арганізуе баль у Новым замку. Першы танец — паланез з «Пана Тадэвуша»