У гарналыжным комплексе ў Каробчыцах закрылі і лыжную трасу. Яе адкрылі пасля закрыцця цюбінгавай, але ўжо на наступны дзень парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп» паведаміў, што зламаўся пад’ёмнік.

Траса для лыж і сноўбордаў, якую ў гэтым годзе адкрылі толькі 21 лютага, з 22 лютага закрылася. Прычынай стала паломка пад’ёмніка, напісалі ў Instagram комплексу. Праўда, без пад’ёмніка пакатацца таксама немагчыма — на тэрыторыю комплексу нікога не пускаюць. «Графік працы 2 праз 363? І так з года ў год…» — іранізуюць у каментарах. Аб аднаўленні працы абяцалі паведаміць асобна, але комплекс усё яшчэ закрыты.

Цюбінгавы схіл гэтай зімой таксама не прапрацаваў і тыдня. Спачатку замінала анамальна цёплае надвор’е. Схіл змаглі падрыхтаваць для катання толькі да 15 лютага, а на наступны дзень пасля адкрыцця цюбінгавай трасы ў Каробчыцах там адбыўся няшчасны выпадак: 10-гадовая дзяўчынка сутыкнулася з двума іншымі цюбінгамі і атрымала траўмы. Следчы камітэт пачаў праверку. Трасу закрылі з 20 лютага без тлумачэння прычын, але абяцалі замест падрыхтаваць лыжны схіл.