Другі этап рэканструкцыі Старога замка распачнецца пасля таго, як праектная дакументацыя пройдзе экспертызу. Гэта плануюць зрабіць у 2025 годзе. Рэканструкцыю замка пачнуць не раней за 2026 год. Згодна з папярэднімі планамі, другі этап рэканструкцыі павінен быў пачацца яшчэ ў 2022 годзе.

У Старым замку ўжо завершаны навуковыя, хіміка-біялагічныя і археалагічныя даследаванні. Іх вынікі ляглі ў аснову праектнай дакументацыі, якая ў 2025 годзе павінна быць завершана і прайсці экспертызу, паведаміла выданню Sputnik кіраўнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

Аконныя праёмы і сцены: што адновяць у Старым замку?

Праект рэканструкцыі прадугледжвае, што ў экспазіцыю ўключаць знаходкі, датаваныя XV стагоддзем, у тым ліку частку сцяны эпохі Вітаўта.

Пры рэканструкцыі будуць арыентавацца на аднаўленне аблічча палаца XVI стагоддзя. Плануецца, што ў будынку пакінуць і пазнейшыя элементы, каб захаваць яго аўтэнтычнасць.

«Падчас даследаванняў былі знойдзены закладзеныя аконныя і дзвярныя праёмы. Парадны ўваход будзе размешчаны з боку двара. Пытанне аб лесвіцы і іншых дэталях выклікала мноства спрэчак і абмеркаванняў на выязных паседжаннях рады па гісторыка-культурнай спадчыне пры Міністэрстве культуры», — адзначыла Клімовіч.

Праект рэканструкцыі змяніў аўтэнтычнае аблічча замка

На праект па рэканструкцыі замка плануюць патраціць 80 млн руб. Першы этап абышоўся ў 28 млн руб., пры гэтым спецыялісты пабудавалі Камяніцу, якой не было ў замку. Каб яе ўзвесці, дэмантавалі каменную маставую часоў Вітаўта.

Таксама рэканструкцыя прадугледжвае прыбудову масіўнага рызаліту (частка будынка, якая выступае — Hrodna.life), праект якога распрацаваў архітэктар Уладзімір Бачкоў. Археалагічныя даследаванні ў замку абверглі яго існаванне.

Чытайце таксама: Што адбываецца з рэканструкцыяй Старога замку ў Гродне