Успаміны дзяцей беларускіх і савецкіх палітвязняў ляглі ў аснову спектакля «Мая маці ў турме». Яго паставіла рэжысёрка Наталля Леонава па кнізе Вольгі Вялічкі пра жыццё, мары і казкі дзяцей палітвязняў.
Вопыт беларускіх дзяцей параўноўваецца ў спектаклі з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у савецкі час у жаночым лагеры «АЛЖИР» (Акмалінскі лагер жонак здраднікаў радзімы, які існаваў да 1953 года ў Казахстане, рус. — Акмолинский лагерь жен изменников родины, который существовал до 1953 года в Казахстане).
Як паўстаў спектакль «Мая маці ў турме»
Вольга Вялічка — псіхалагіня, якая працуе з дзецьмі палітзняволеных. Два гады таму яна пачала збіраць апавяданні пра тое, як дзеці перажылі гэты складаны этап: вобшукі дома, потым затрыманне бацькоў, часам абодвух, і іх зняволенне. Дзеці расказвалі, якія ім сняцца сны і якія яны прыдумляюць казкі, каб перажыць траўму, а яшчэ — пра што яны мараць. Так з’явілася кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая маці ў турме».
Былыя акторы Гродзенскага драматычнага тэатра, якія пасля пратэстаў 2020 года былі вымушаны пакінуць Беларусь, разам з калегамі са Старога Віленскага тэатра паставілі на аснове кнігі спектакль. У пастаноўцы задзейнічаны дзеці, якія займаюцца ў тэатральнай школе «Разам» і таксама не могуць вярнуцца на радзіму. Рэжысёрка спектакля — Наталля Леонава.
«Наш праект прысвячаецца ўсім, хто пацярпеў як у савецкі час рэпрэсій і забойстваў, так і ў сучасны час. Мы не хочам, каб гэта забылася ці людзі да гэтага сталі абыякавымі», — кажуць стваральнікі спектакля.
Прэм’ерныя паказы пройдуць 20 лютага ў Беластоку і 22 лютага ў Варшаве.

Беласток, 20 лютага 2025, 17.00 і 19.00
Месца: Centrum Kulturalne w Dobrym Tonie (ul. Legionowa 30, lok. 211, CH Sienny Rynek)
Браніраванне месцаў на сайце dobryton.org або праз SMS на нумар +48 507 760 601.
Спектакль будзе ісці на беларускай мове з перакладам на польскую мову субтытрамі.
Варшава, 22 лютага 2025, 19.00
Месца: Музей вольнай Беларусі, ul. Foksal, 11
Чытайце таксама: